«Толькі цемру бачу». Палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок у зняволенні
Ён адбывае восем гадоў зняволення.
Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка, якога ўжо амаль чатыры гады трымаюць у зняволенні, амаль страціў зрок, паведаміла Радыё Свабода інфармаваная крыніца.
«Кажа, што зрок амаль знік, ужо толькі цемру бачыць. Настрой, канешне, не вельмі. Акрамя зроку агульны стан здароўя таксама пагоршыўся», — распавяла пра палітвязня крыніца.
Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 года, праз год прысудзілі да 8 гадоў зняволення. Ужо трэці год палітвязня трымаюць у Івацэвіцкай калоніі № 22.
Праз пенсійны ўзрост палітвязня не прымушаюць працаваць, але яго фізічны стан такі, што даводзіцца зводзіць да мінімуму перамяшчэнні.
Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў спіс палітвязняў, якія знаходзяцца ў стане асаблівай рызыкі паводле здароўя і патрабуюць як мага хутчэйшага вызвалення.
«Зімой, было, з ім размаўлялі ўжо з такімі намёкамі, што хутка выпусцяць, але нічога не здарылася», — распавяла крыніца пра Вацлава Арэшку.
Пра сітуацыю з Вацлавам Арэшкам таксама расказвалі былыя палітвязні, якім летась пашанцавала выйсці на волю.
Так, у верасні на прэс-канферэнцыі ў Вільні пра Арэшку расказаў былы палітвязень Аляксандр Манцэвіч, які таксама адбываў свой тэрмін у калоніі № 22. Паводле Манцэвіча, Арэшка ўжо на той момант амаль нічога не бачыў, хоць раней чытаў кнігі.
«Яму дапамагаюць іншыя вязні. Ідучы пад руку ў сталоўку, Вацлаў пытае, ці ёсць на небе сонца. Калі ходзіць уначы ў прыбіральню, бывае, што спатыкаецца і падае, бо дрэнна бачыць», — расказваў Аляксандр Манцэвіч пра Арэшку.
У студзені 2026 года Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у калоніі Вацлаў Арэшка спрабаваў аформіць інваліднасць, але пакуль гэта зрабіць не ўдалося.
Палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 года быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключаючы «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім», і атрымаў 8 гадоў зняволення.