БЕЛ Ł РУС

У Расіі адмянілі яшчэ аднаго папулярнага коміка

5.03.2026 / 21:21

Лаўрын Кулеш

Аляксей Шчарбакоў — былы спецназавец ГРУ і мантажнік метро, які зрабіў кар’еру на ТНТ і быў госцем у Юрыя Дудзя.

Аляксей Шчарбакоў. Фота: shcherbakov_alexei / Instagram

У Расіі раптоўна адмянілі канцэрты аднаго з самых вядомых гумарыстаў Аляксея Шчарбакова. З афіш зніклі яго сольныя выступы ў расійскіх гарадах, у тым ліку канцэрт у маскоўскай канцэртнай зале «Москва», які быў запланаваны на 2 красавіка. Пакупнікам квіткоў пачалі вяртаць грошы, а на сайце самога коміка цяпер не пазначана ніводнага выступу ў Расіі.

Шчарбакоў прыйшоў у гумар з зусім не творчай біяграфіяй. Будучы комік нарадзіўся ў падмаскоўным Звянігарадзе. Пасля заканчэння Маскоўскага інстытута кіравання ён служыў у 16‑й брыгадзе спецназу ГРУ, якая размяшчаецца ў Тамбове. Пасля дэмабілізацыі, каб утрымліваць сям’ю, малады чалавек працаваў адразу на дзвюх працах: днём на будоўлі, а ноччу — мантажнікам у маскоўскім метро.

Шлях у стэндап Шчарбакоў пачаў у 2012 годзе. У 2015‑м ён стаў рэзідэнтам папулярнага шоу Stand Up на тэлеканале ТНТ, якое і вывела яго на шырокую аўдыторыю.

Шырокую папулярнасць яму прынёс інтэрнэт-праект «Что было дальше?» — адно з самых папулярных рускамоўных гумарыстычных шоу на YouTube. Менавіта пасля запуску гэтага праекта ў 2019 годзе Шчарбакоў стаў адным з самых запатрабаваных комікаў Расіі. Яго пазнавальны вобраз — грубаваты «просты хлопец» з працоўным мінулым, які жартуе пра сям’ю, службу і штодзённае жыццё.

У 2020 годзе комік стаў госцем вялікага інтэрв’ю ў блогера Юрыя Дудзя. Размова сабрала дзясяткі мільёнаў праглядаў і яшчэ больш павялічыла яго вядомасць.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Шчарбакоў публічна не каментаваў падзеі і ў сваіх выступах імкнуўся не закранаць палітычных тэм. Аднак пасля падзей у Курскай вобласці ён, паводле паведамленняў СМІ, прывозіў туды гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам.

Чаму менавіта цяпер былі адмененыя канцэрты, афіцыйна не паведамляецца. Адной з магчымых прычын называюць яго сяброўства з комікам Нурланам Сабуравым — вядоўцам праекта «Что было дальше?»

У мінулым годзе выступы Сабурава таксама пачалі адмяняць у розных гарадах Расіі. 6 лютага гэтага года коміка, які мае грамадзянства Казахстана, не пусцілі ў Расію і забаранілі яму ўезд на 50 гадоў. Пасля гэтага Шчарбакоў паляцеў у Казахстан і заявіў, што прыехаў наведаць сябра. Паводле некаторых паведамленняў, пасля гэтай паездкі стаўленне арганізатараў канцэртаў да яго рэзка змянілася і пачалася хваля адменаў.

Аднак іншыя нагадваюць, што праблемы ў коміка маглі пачацца яшчэ раней. У 2024 годзе Шчарбакоў актыўна гастраляваў і выступіў у 33 гарадах. У наступным годзе канцэртаў стала прыкладна ўдвая менш, а цяпер яны фактычна зусім зніклі з афіш.

Чытайце таксама:

У новым гумарыстычным шоу на ТНТ бярэ ўдзел каманда з Пінска. Не абышлося без жартаў пра Беларусь і палітыку

Комік Сабураў, якому забаранілі ўезд у Расію, раней падтрымліваў вайну

У Расіі коміка Аляксандра Гудкова аштрафавалі за пародыю на песню Шамана «Я — вузкі»

Каментары да артыкула