У Слуцку мужчына захапіў дзяўчыну і ездзіў па раёне
Следчы камітэт расказаў падрабязнасці.
Увечары 25 снежня 18‑гадовая жыхарка Лучнікаў ішла ў госці да сяброўкі ў вёску Бранавічы. На вуліцы Цэнтральнай дарогу перагарадзіў аўтамабіль Opel з незнаёмым мужчынам за рулём.
Кіроўца прапанаваў дзяўчыне сесці ў салон. Калі яна адмовілася, ён выйшаў з машыны, сілай пасадзіў яе на пярэдняе сядзенне, заблакаваў дзверы і ўтрымліваў яе, нягледзячы на супраціў і спробы выбрацца.
Потым разам з ёй ён ездзіў па Слуцку і Слуцкім раёне. Дзяўчыне ўдалося патэлефанаваць знаёмаму, а пасля звязацца з міліцыяй і паведаміць сваё прыкладнае месцазнаходжанне. Калі кіроўца зразумеў, што яго пераследуюць, ён прыехаў да закінутага будынка. Убачыўшы міліцэйскі аўтамабіль, дзяўчына змагла адкрыць дзверы і выбрацца з машыны. Кіроўца спрабаваў уцячы, але быў затрыманы.
Ім аказаўся 32‑гадовы жыхар вёскі Бранавічы. У момант злачынства ён знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і кіраванне аўтамабілем у стане ап’янення.
У дачыненні да мужчыны заведзена крымінальная справа па факце выкрадання чалавека. Матэрыялы справы перададзены ў пракуратуру для накіравання ў суд.