БЕЛ Ł РУС

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

4.03.2026 / 20:29

Nashaniva.com

У Алены застаўся 18‑гадовы сын.

Алена Панкова. Фота: Ok.ru

Алены Панковай не стала ў лютым 2026 года. «Лена памерла раптоўна: быў чалавек — і больш няма. Вельмі страшна», — кажа сябар сям’і.

Летам 2025 года Панкову асудзілі па 342‑м артыкуле Крымінальнага кодэкса (дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак) — так кваліфікавалі ўдзел у маршах пратэсту. Сілавікі ўскочылі ў апошні вагон — яшчэ пару месяцаў, і тэрміны даўніны мінулі б.

А так яе паспелі асудзіць у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска.

Алене далі хатнюю хімію. Гэта значыць, што ў яе быў жорсткі графік жыцця — з дому на працу і назад. Мы не ведаем прычыны смерці Алены, няясна і тое, ці скардзілася яна здароўе. Але для хатніх хімікаў схадзіць да доктара — гэта вялікая лагістычная праблема, трэба неяк даць рады за тую «свабодную» гадзіну пасля працы. Альбо загадзя пісаць заяву і адпрошвацца ў інспектара.

Алена — географ па адукацыі. Яна любіла жывёл, вандроўкі і паходы, захаплялася вязаннем.

Па інфармацыі BelPol, у жанчыны застаўся 18‑гадовы сын.

Алена Панкова. Фотаздымак: BelPol

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула