БЕЛ Ł РУС

Ганна Сялук занялася рэкламным бізнэсам

4.03.2026 / 15:07

Nashaniva.com

22 кастрычніка ў Беларусі з’явілася новая фірма — «Крэатыўны код», якая прэзентуе сябе як «буйнейшую ў Рэспубліцы Беларусь кампанію, якая займаецца дызайнам і размяшчэннем вонкавай рэкламы і мае шырокую сетку рэкламных носьбітаў розных фарматаў у Мінску і ў абласных цэнтрах». «Бюро» высветліла, што за гэтай фірмай стаіць нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна, болей вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук.

На сённяшні дзень бізнэс нявесткі Лукашэнкі ператварыўся ў паўнавартасны медыяхолдынг, які адначасова займаецца стварэннем музычных кампазіцый «пад ключ», прадзюсаваннем артыстаў эстрады, арганізацыяй дзяржаўных мерапрыемстваў, дзіцячых святаў, выпускных, вытворчасцю відэакліпаў, іміджавых ролікаў, стварэннем тэлешоу і валодае трыма радыёстанцыямі.

Сукупна 25% належаць фірмам, звязаным з Ганнай Лукашэнкай (Сялук). З іх 15% запісана на «Музычную медыякампанію», дзе нявестка Лукашэнкі займае пасаду генеральнага прадзюсара. Яшчэ 10% адпісалі «АНСЛ прадакшн», уладальнік якой — топ-менеджар яе мужа Дзмітрыя Лукашэнкі Андрэй Урублеўскі.

«Бюро» лічыць, што Урублеўскі можа выконваць у «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб схаваць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі — АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

З кастрычніка па снежань 2025 года пасаду дырэктара ў «Крэатыўным кодзе» займаў Павел Лёгкі. Дзякуючы «Кіберпартызанам» журналісты высветлілі, што ў мінулым ён займаў высокапастаўленыя пасады: кіраваў прэс-службай у адміністрацыі Лукашэнкі, быў намеснікам міністра інфармацыі, дарадцам-пасланнікам у пасольстве Беларусі ў Маскве, намеснікам дырэктара ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. 

75% «Крэатыўнага кода» належаць ЗАТ «КорусМедыя». Гэтая фірма была зарэгістраваная 31 кастрычніка 2025 года і таксама займаецца размяшчэннем рэкламы. Форма ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула