БЕЛ Ł РУС

Польшча ўводзіць абмежаванні на палёты авіяцыі ўздоўж межаў Беларусі і Украіны

4.03.2026 / 11:04

Nashaniva.com

Польскае агенцтва паветранай навігацыі паведаміла аб увядзенні спецыяльнай зоны абмежавання палётаў ва ўсходняй частцы краіны, якая мяжуе з Беларуссю і Украінай. Гэта рашэнне прынята па патрабаванні вайсковага камандавання для забеспячэння дзяржаўнай бяспекі.

Расійскі дрон «Гербера», які ўпаў у Польшчы прыкладна за 300 кіламетраў ад мяжы з Украінай у верасні 2025 года

Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 10 сакавіка 2026 года і працягнуцца тры месяцы. Яны азначаюць перавод прымежнай паветранай прасторы на ўсходзе Польшчы ў рэжым павышанай гатоўнасці, каб спрасціць працу СПА/ВПС у выпадку пагроз.

Для звычайных пасажыраў авіякампаній нічога не зменіцца, бо абмежаванні тычацца толькі вышыні да трох кіламетраў. Аднак для прыватных пілотаў, уладальнікаў дронаў і малой авіяцыі правілы істотна ўзмацняюцца.

У начны час палёты ў гэтай зоне будуць цалкам забароненыя для ўсіх, акрамя вайскоўцаў і экстранных службаў. У дзённы час падняцца ў паветра можна будзе толькі пры ўмове пастаяннай сувязі з дыспетчарамі і наяўнасці спецыяльнага абсталявання, якое дазваляе вайсковым радарам бачыць аб'ект.

Любое несанкцыянаванае выкарыстанне нават цывільнага дрона ў гэтай зоне зараз будзе лічыцца сур’ёзным парушэннем закона.

Польскія ўлады падкрэсліваюць, што такія захады неабходныя для кантролю паветранай прасторы ў складаных умовах, калі дзейнасць каля межаў патрабуе асаблівай увагі з боку сіл супрацьпаветранай абароны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула