Міністр абароны ЗША запэўніў, што ў «бясконцую вайну» аперацыя супраць Ірана не ператворыцца
Міністр абароны ЗША Піт Хегсэт на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне заявіў, што ваенная аперацыя супраць Ірана не ператворыцца ў «бясконцую вайну», падобную да падзей у Іраку ў 2003 годзе. Паводле яго слоў, ЗША не плануюць наземнае ўварванне і акупацыю Ірана, а таксама не маюць намеру будаваць там палітычныя інстытуты па прыкладзе Ірака.
Піт Хегсэт. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
Адначасова Піт Хегсэт не назваў канкрэтныя тэрміны завяршэння аперацыі, адзначыўшы, што рашэнне будзе прымаць прэзідэнт ЗША. Раней Дональд Трамп казаў пра чатыры тыдні.
Кіраўніцтва Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША паведаміла, што баявыя дзеянні не скончацца хутка і для дасягнення пастаўленых мэт спатрэбіцца час. Таксама паведамляецца пра накіраванне дадатковых амерыканскіх падраздзяленняў на Блізкі Усход.
Мэтай аперацыі называецца знішчэнне вайсковай інфраструктуры Ірана, у тым ліку флоту і ракетных сістэм. Пры гэтым падкрэсліваецца, што змена рэжыму не з’яўляецца афіцыйнай мэтай, аднак адзначаецца, што сітуацыя ў краіне змянілася пасля гібелі шэрагу высокапастаўленых асоб.
У ходзе канфлікту фіксуюцца страты сярод амерыканскіх вайскоўцаў: паведамляецца пра чатырох загінулых і 18 параненых. Чакаецца, што прэзідэнт ЗША пазней выступіць з заявай наконт развіцця падзей і агульнай сітуацыі вакол Ірана.
Чытайце таксама:
Трамп расказаў, што для яго стала найбольшай неспадзяванкай пасля ўдараў па Іране
Улады Ірана заявілі, што не будуць весці перамовы з ЗША