Беларусы размятаюць квіткі на канцэрты зумера Вані Дзмітрыенкі з Краснаярска не толькі ў Мінску, але ў рэгіёнах
Калі вам больш за 25, вы наўрад ці чулі імя Вані Дзмітрыенкі. Між тым у красавіку гэты расійскі спявак едзе ў Беларусь, і квіткі на яго разлятаюцца за гадзіны. Што адбываецца?
Фота: pravda.ru
Усё пачалося 31 снежня 2025 года — тады Дзмітрыенка абвясціў, што ў красавіку 2026‑га выступіць у мінскім Палацы спорта. Гэта невялікая пляцоўка, таму квіткі разляцеліся за некалькі гадзін. У выніку арганізатары дадалі яшчэ адзін канцэрт — але і туды квіткі распрадалі за гадзіны.
Мяркуючы па сацсетках, далёка не ўсё ахвотныя набылі квіткі нават з другога разу. І беларуская частка тура Дзмітрыенкі пачала разрастацца. Цяпер яна ўключае ў сябе не адзін канцэрт, а ажно шэсць выступаў у перыяд з 19 па 26 красавіка: тры канцэрты ў Мінску і па выступе ў Брэсце, Гомелі і Гродна.
Прычым канцэрт у Брэсце дадалі ў праграму толькі некалькі дзён таму, але квіткоў на яго ўжо няма.
Выглядае, што калі б была магчымасць, арганізатары дадалі б і канцэрты ў іншых абласных цэнтрах. Але ж выступы ў Беларусі — частка больш вялікага тура Дмітрыенкі, і даты іншых канцэртаў ужо размеркаваныя.
Цяпер фанаткі спевака перапрадаюць у сеціве квіткі на яго канцэрты ў Мінску. Усё праз тое, што спачатку выступы ў абласных цэнтрах не былі запланаваныя, і таму шмат людзей былі гатовыя ехаць на канцэрт у сталіцу. Цяпер, калі спявак прыедзе і ў іх гарады, сэнсу ехаць у Мінск няма.
Не ўсе задаволеныя тым, што арганізатары не запланавалі загадзя канцэрты ў рэгіёнах. У Threads пішуць беларусы, якім праз гэта давялося змяняць планы:
«Стаіць вялікае пытанне: чаму ў Мінску продаж адкрыўся ў снежні, а ў іншых гарадах — у канцы лютага?»
«Арганізатарам 0 балаў, ганьба, бесіць».
«Чамусьці арганізатары артыста не паклапаціліся пра тое, каб арганізаваць тур па Беларусі і адразу анансаваць усё цэнтралізавана».
Астатнія карыстальнікі дзеляцца ўражаннямі ад ажыятажу:
«Людзі, якія адхапілі квіткі на Ваню Дмітрыенка, напішыце свой узрост. Праўда цікава, колькі будзе дзяцей на канцэрце».
«Ваня Дмітрыенка — новы Алег Маямі ў Беларусі? Тры сольнікі, тур па абласных гарадах і выступ на фестывалі Belbet. Потым яшчэ і дзень горада?»
«Дзяўчына: спрабуе адхапіць квіток на канцэрт Вані Дмітрыенка. Жанчына: адхапіла квіток на канцэрт Пятра Ялфімава».
Для справядлівасці адзначым, што Дмітрыенка выступае не ў самых вялікіх залах. Напрыклад, яго не параўнаць з Ганнай Асці — ёй таксама даводзілася ладзіць дадатковыя канцэрты ў Мінску, але рабіла яна гэта ў «Мінск-Арэне», разлічанай на 15 тысяч гледачоў. Дмітрыенка ж выступае ў Палацы спорта з 3300 месцамі. На канцэртах колькасць месцаў натуральным чынам змяншаецца.
У Брэсце для спевака знайшоўся больш вялікі зал — спарткомплекс «Вікторыя» на 3740 месцаў. Таксама Дзмітрыенка выступіць у гомельскім Палацы спорту (2760 месцаў) і ў гродзенскім Лядовым палацы (2487 месцаў).
Ваню Дзмітрыенку 20 гадоў, ён нарадзіўся ў Краснаярску. З дзяцінства займаўся вакалам, а ў падлеткавым узросце завёў тыкток, куды выкладаў запісы з каверамі на вядомыя песні.
У канцы 2020‑га хлопец выклаў у тыкток відэа з выкананнем уласнай песні «Венера-Юпітэр», і ролік завірусіўся. Усяго праз пару месяцаў Дзмітрыенка, якому тады было 15 гадоў, ужо выступаў з сольным канцэртам у Маскве.
У 2021‑м Дзмітрыенка, паводле даных Apple Music, заняў трэцяе месца па папулярнасці ў Расіі і з таго часу скарае расійскія чарты і музычныя прэміі.
Хлопец ніколі адкрыта не выказваўся пра вайну, але па яго ўчынках усё ж можна прасачыць пазіцыю.
У 2022-м, праз чатыры дні пасля пачатку паўнамаштабнай вайны, Дзмітрыенка адмовіўся выходзіць на сцэну прэміі «Жара Media Awards», дзе мусіў быць вядучым. У інстаграме хлопец напісаў, што яго маральны компас «не дазваляе яму выходзіць на сцэну і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца».
Вядома, цяпер ён ходзіць на прэміі і атрымлівае там узнагароды: напрыклад, у 2025‑м засвяціўся на ўзнагароджаннях «Яндэкс Музыкі». У тым жа годзе Дзмітрыенка выступіў на форуме ўральскай моладзі, які праходзіў пры падтрымцы ўдзельніка расійскага ўварвання Арцёма Жогі.
Чытайце таксама:
У 39 гадоў памёр саліст гурта Shortparis