Мінчук расказаў, як ледзь не зрабіўся саўдзельнікам тэлефонных махляроў
У міліцыю звярнуўся 59‑гадовы мінчук, які стаў ахвярай махляроў і ледзь не зрабіўся іх саўдзельнікам.
Падмануты паводле схемы «замены дамафона» мужчына паверыў, што зламыснікі выставілі яго аўтамабіль на продаж. Каб «выратаваць» машыну, трэба было самому закласці яе, а грошы адвезці ў суседнюю краіну «для дэкларавання», паведамляе «Міліцыя Мінска».
Атрымаўшы за яе 17 тысяч даляраў, па ўказанні куратара ён сустрэўся з пажылой мінчанкай, таксама забраў у яе пакет з наяўнымі і паехаў цягніком за мяжу.
Зразумеўшы па дарозе, у чым справа, ён вярнуўся дадому і ўсё расказаў міліцыянерам.
Аператыўнікі ўстанавілі, што пакет мінчаніну перадала 75‑гадовая «калега», якая таксама была падманута зламыснікамі. Пад пагрозай крымінальнай адказнасці яна стала кур’ерам і забрала ў яшчэ дзвюх ахвяр больш за 10 тысяч даляраў.
Усе грошы будуць вернутыя законным уладальнікам.