БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, хто ўначы падарваў паліцэйскіх каля вакзала ў Маскве

24.02.2026 / 17:33

Nashaniva.com

Сталі вядомыя падрабязнасці выбуху каля Савёлаўскага вакзала ў Маскве, у выніку якога загінуў супрацоўнік ДПС. Паводле звестак следства, выбух апоўначы 24 лютага арганізаваў 22‑гадовы ўраджэнец Удмурціі, які прыехаў у Маскву з Санкт-Пецярбурга. Сілавікі, як паведамляецца, ужо аднавілі яго маршрут і цяпер вывучаюць біяграфію, кола зносін і магчымыя матывы злачынства.

Фота: ТАСС

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 24 лютага заявіў на пасяджэнні калегіі ФСБ, што падазраванага, імаверна, завербавалі праз інтэрнэт. Са слоў Пуціна, мужчыну перадалі выбуховую прыладу, якую пазней прывялі ў дзеянне дыстанцыйна. Палітык выказаў меркаванне, што выканаўца мог не ўсведамляць усіх абставін і стаў ахвярай вярбоўкі.

Інцыдэнт адбыўся 24 лютага каля 00:05. Да службовага аўтамабіля ДПС, які стаяў каля стаянкі таксі, падышоў мужчына, пасля чаго прагрымеў выбух. Старшы лейтэнант паліцыі 34‑гадовы Дзяніс Братушчанка і сам нападнік загінулі на месцы. Яшчэ двое паліцэйскіх атрымалі раненні.

У выніку выбуху дах і кузаў аўтамабіля былі моцна пашкоджаныя. Паводле папярэдніх ацэнак, магутнасць выбуховай прылады складала каля 300 грамаў у тратылавым эквіваленце.

Паводле факту здарэння расійскі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкулах аб замаху на жыццё супрацоўніка праваахоўных органаў і незаконным абарачэнні выбуховых прылад.

Чытайце таксама:

У Маскве падарвалі трох паліцэйскіх

Ва ўкраінскім Мікалаеве ў выніку выбуху пацярпелі 7 паліцэйскіх. Гэта другі выпадак пасля Львова

Затрымалі падазраваную ў здзяйсненні тэрарыстычнага акта ў Львове

У Львове ноччу адбыўся тэракт. Загінула дзяўчына-паліцэйскі

Каментары да артыкула