Пяскоў: Мэты вайны ва Украіне не дасягнутыя цалкам
Прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія яшчэ не дасягнула ўсіх сваіх мэтаў у вайне супраць Украіны, таму вайна працягваецца, піша «РІА Навіны».
Фота: Contributor / Getty Images
Спікер Крамля назваў акупацыю часткі ўкраінскай тэрыторыі «гарантаваннем бяспекі людзей, якія жылі і жывуць на Усходзе Украіны». Гэта, паводле яго слоў, было асноўнай мэтай распачатай Расіяй вайны.
«Але поўнасцю мэты (вайны РФ супраць Украіны) не дасягнутыя, таму СВА працягваецца», — сказаў ён.
Пяскоў таксама заявіў, што Расія нібыта захоўвае сваю адкрытасць для дасягнення сваіх мэтаў «палітычна-дыпламатычнымі сродкамі».
«Застаецца яшчэ надзея, што канфлікт можна будзе завершыць перамовамі? Гэтая надзея не пакінула нас з самага пачатку… Наша пазіцыя добра зразумелая, паслядоўная. Цяпер усё залежыць ад дзеянняў кіеўскага рэжыму», — сказаў спікер Крамля.
«Расія будзе ісці далей», — сказаў Пяскоў.