«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні
Павел Севярынец у сваім фэйсбуку напісаў, як у СІЗА сутыкнуўся з турэмнай медыцынай.
«З Мікалаем Статкевічам не «здарыўся інсульт». Мікалая Статкевіча давялі да інсульту. Там умеюць — ламаць рукі-ногі, рваць сэрцы і дзіравіць страўнікі нават без лішняга дотыку.
Напрыканцы акрэсцінскіх карцараў, недзе на трэці месяц, у мяне разбалеліся калені. Не мог спаць. Два дні патрабаваў доктара, з'яўляецца.
— Ну?
— Ды во ногі баляць. Мусіць, хаджу па камеры шмат (адмыслова хадзіў у дзень па 25‑30 км, два метры туды-назад, каб з адбоем адключацца).
— Аааа, — задаволена басіць доктар і адшчыквае мне ібупрафеніну. — Нарэшце.
— У сэнсе, — кажу, — нарэшце?
— Да мы ўсё думалі, калі ўжо… Это суставы. Суставы. Гэта ад хадзьбы, тут заўсёды… Гэта правільна.
У ШІЗА чалавека свядома і мэтанакіравана даводзяць да калецтва. Турэмныя дактары толькі фіксуюць, «дзе тонка» у таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць – і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру.
А катоўні там на выбар.
Лядоўні, каб ламаць косці. Адзіночкі — «труны», дзе замуроўваюць на месяцы. Скразняковыя «трубы» для тых, у каго слабыя лёгкія…
Гэта сістэма, дзе ўсё падначалена галоўнай мэце. Не ламаецца маральна — зламаем фізічна. Непакорлівых, сваіх жа «шасцёрак», якія накасячылі, «блатных», і, канечне, палітычных.
Калі не высыпаешся тыднямі ад холаду, пачынаеш бачыць галюцынацыі, разбіваешся аб плітку, бо раптам адключаешся ўдзень, і раз за разам атрымліваеш «ДП» (дабаўку) — пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва (бо арганізм жарэ сам сябе), запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар'яцтва.
Там ня проста ўсё цудоўна ведаюць — там мэтанакіравана і тэхналагічна трушчаць чалавека. І гэта — яўнае крымінальнае злачынства.
Ані маральна, ані псіхалагічна Міколу Статкевіча яны не зламалі», — напісаў Павел Севярынец.