БЕЛ Ł РУС

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу

24.02.2026 / 11:04

Nashaniva.com

23‑гадовая Надзея Якубенка і яе 24‑гадовы муж Улад жывуць у Жодзіне. Абодва працуюць у грамадскім харчаванні: дзяўчына — шэф-повар у мясцовым парк-атэлі, хлопец — піцар у краме. Яшчэ нядаўна на ежу ў іх сыходзіла 1200—1400 рублёў у месяц. Адкладаць не атрымлівалася ні на што. Так працягвалася, пакуль Надзя не прапанавала эксперымент: перагледзець траты на харчаванне і пачаць збіраць на ўласнае жыллё. Tochka.by даведалася ў дзяўчыны, наколькі цяжка сябе абмяжоўваць, што можна купіць на 300 рублёў і якія звычкі дапамагаюць не выходзіць за рамкі бюджэту.

Усе фота: Павел Русак / Tochka.by

Паход па прадукты як квэст

Сустракаемся з Надзяй у краме каля дома. Дзяўчына ўпэўнена лавіруе паміж стэлажамі — без выпадковых прыпынкаў каля паліц з прысмакамі.

У кошыку толькі тое, што загадзя запісана ў тэлефоне.

Паход па прадукты гераіня называе квэстам: знайсці патрэбнае па самай «салодкай» цане.

Яна ведае, у якой краме выгадна купіць яйкі, а куды лепш адправіцца па мінтая. Калі патрэбнага акцыйнага тавару няма, Надзя спакойна сыходзіць з пустымі рукамі.

«Раней я саромелася хадзіць па краме і нічога не купляць. Здавалася, што на мяне коса глядзяць. Цяпер спакойна магу нічога не браць. Гэта як выхад з зоны камфорту», — кажа дзяўчына.

Па новых правілах маладая сям'я жыве са студзеня.

Прычына простая — стомленасць ад адчування, што грошы «ўцякаюць скрозь пальцы».

Агульны даход пары — каля 4000 рублёў у месяц.

«Я вывучыла ўсе нашы траты. На ежу сыходзіла 1200 рублёў, часам і 1400 рублёў. І мы проста псіханулі. Пайшлі ў краму, купілі прадуктаў на 60 рублёў — і зразумелі, што нам гэтага хапае на тыдзень. Памножылі на чатыры — атрымалася 240 рублёў у месяц. Вырашылі паспрабаваць», — згадвае Надзя.

Да гэтага пара часта купляла гатовую ежу ў краме ці што-небудзь смачнае на вечар, заказвала дастаўку, хадзіла ў кафэ.

«Мы ў пятніцу маглі купіць піва, кальмараў, жоўтага паласаціка, чыпсікі. І за гэта аддаць 50—60 рублёў. Па сутнасці, ежа на адзін вечар. А зараз на гэтыя ж грошы мы харчуемся тыдзень», — кажа Надзя.

Праўда, праз месяц бюджэт павялічылі яшчэ на 60 рублёў — дадалі сухафрукты, арэхі і зеляніну.

Рацыён на 300 рублёў у месяц

Эксперыментам вырашылі забіць двух зайцоў: і сэканоміць, і зрабіць харчаванне больш карысным. Раней, паводле слоў Надзi, елі «смеццева».

Перад закупам на месяц сужэнцы складаюць спіс базавых прадуктаў. Аснова — курыца, замарожаная рыба, крупы, макарона, малочныя прадукты, сезонная гародніна, кансерваваны тунец, субпрадукты (фаварыты Надзi — курыныя сэрцайкі), хлеб, чай.

«Мы прыбралі мясную гастраномію, гатовую выпечку, снэкі, газіроўку. Калі гэтага няма дома — няма і спакусы», — тлумачыць суразмоўца.

Курыцу купляюць толькі цалкам — так выгадней. І тут пара паказвае свой кухарскі прафесіяналізм: адна тушка — мінімум пяць паўнавартасных прыёмаў ежы на дваіх. Суп, тушаныя ножкі ці крылцы з бульбай, сечаныя катлеты з грудкі, амлет з філе, лаваш з мясам.

«Калі глядзець па цане за кілаграм, тушка абыходзіцца прыкладна ў 6 рублёў, тады як філе — каля 14 рублёў. Разбіраю яе на часткі: ножкі, крылы, сцёгны… Косткі і скуру — на булён. Мяса потым ідзе ў лаваш замест каўбасы. Адходаў амаль няма», — дзеліцца кулінарнымі лайфхакамі шэф-повар.

Гатуе ў сям'і ў асноўным Надзя. Часцей — на заўтра, каб пасля працы дома ўжо чакала ежа і не ўзнікала жадання заказаць дастаўку. На гатаванне сыходзіць ад гадзіны да трох. Меню на тыдзень дзяўчына не складае — адкрывае халадзільнік і імправізуе.

«Я ў асноўным усё тушу. Алей мы амаль не выкарыстоўваем — толькі сметанковае масла. Раней купляла масла гхі, але яно ўсё ж дарагое. Раблю ўсялякія гарніры: зялёную і звычайную грэчку вару, булгур. З мяса — курыца ў асноўным. Але вось цяпер з вёскі прывезлі кабанчыка, яшчэ бяром там сала ці «пальцам пханую» каўбаску», — кажа суразмоўца.

У вёсцы жывуць бацькі Надзi. Яны дапамагаюць прадуктамі з агарода. Дзяўчына разумее: без гэтага бюджэт эксперымента прыйшлося б павялічыць прыкладна на 150—200 рублёў.

Дома заўсёды ёсць запасы — крупы, мяса. Пустым халадзільнік не бывае. Пры гэтым Надзя прытрымліваецца прынцыпу: ежу нельга выкідваць.

«Гэта, вядома, ужо прафесійнае: я старанна сачу за тэрмінамі прыдатнасці. Калі бачу, што тварог хутка сапсуецца, раблю сырнікі», — распавядае яна.

Надзя прызнаецца, што яна любіць салодкае: «з'есці кілаграм зефіру за раз — прасцей простага». Але дэсерты дзяўчына цяпер таксама гатуе дома.

Напрыклад, торт, паводле яе слоў, атрымліваецца прыкладна ў тры разы танней, чым у кавярні.

Правілы эканоміі

Сужэнцы купляюць толькі тое, што сапраўды ядуць. Не бяруць тавар проста таму, што ён па акцыі, і не ганяюцца за брэндамі.

Частку прадуктаў заказваюць праз дастаўку буйных сетак. Надзя рэгулярна параўноўвае цэны з афлайн-крамамі і ўпэўнівае: базавыя пазіцыі там каштуюць так сама ці танней. Плюс эканомія часу і менш спакусаў пакласці ў кошык лішняе.

Сям'я актыўна карыстаецца картамі лаяльнасці і банкаўскімі бонусамі.

Асноўную закупку робяць раз на месяц, а раз на тыдзень дадаюць прадукты, якія хутка псуюцца — напрыклад, ёгурт.

«Апошнім разам самай дарагой пазіцыяй была сумесь перцаў — 100 рублёў за кілаграм. Гэта калі лічыць па кілаграмах. А калі па суме ў чэку, то курыца — 5,5 кг за 35 рублёў», — кажа Надзя.

Паводле яе слоў, новы рэжым харчавання даецца ёй лёгка, а вось мужу — складаней.

«Ён марыць пра бутэрброд з каўбасой, які зап'е газіроўкай. Можа сказаць: зараз выйду, па дарозе куплю шаўрму і з'ем употай. Але потым смяецца: маўляў, добра, жарт, мне падабаецца, што цяпер ёсць грошы. Раней ён пастаянна казаў: грошай няма, незразумела, куды яны сыходзяць. Зараз гэта яго матывуе», — дзеліцца суразмоўца.

Сістэма канвертаў

Зараз на прадукты сыходзіць 5—10% сямейнага даходу. Больш за палову пара адкладае. Мэта ўсяго эксперымента — хутчэй закрыць жыллёвае пытанне. Пакуль сям'я жыве ў інтэрнаце кватэрнага тыпу ад Надзінай працы.

«Мы ўступілі ў «Жыллёвы баланс». Цяпер кожны месяц трэба плаціць столькі, колькі раней сыходзіла на ежу. Але мы хочам аддаваць больш, каб не за дзесяць гадоў усё выплаціць, а за пяць», — разлічвае дзяўчына.

У дзень зарплаты грошы адразу размяркоўваюцца. Спачатку абавязковыя плацяжы: крэдыты, «камуналка», накапляльны рахунак на кватэру. Гэтыя выдаткі пара дзеліць паміж сабой, а астатні бюджэт у іх асобны.

У Надзi — сістэма канвертаў: «Падарункі», «Здароўе», «Адпачынак», «Падушка бяспекі», «Адзенне».

Ёсць нават асобная катэгорыя — на корм для кошкі. На Молі сыходзіць 100 рублёў у месяц — на гадаванцы, падкрэслівае гаспадыня, не эканомяць.

«На падарункі — 10%, падушка бяспекі — таксама 10%, на здароўе (я зараз зубы лячу) — яшчэ 10%. На адзенне — крыху менш. Але наогул я магу перакідаць грошы з адной катэгорыі ў іншую», — тлумачыць дзяўчына.

Пасля такога размеркавання не застаецца вольных грошай.

«Я яшчэ на айфон збіраю, а муж — на правы. Але стараемся ўсё роўна радаваць адзін аднаго. На Новы год я падарыла яму навушнікі Marshall, пра якія ён марыў, а ён мне — скураную сумку», — распавядае Надзя.

За апошні год дзяўчына кінула курыць. Раней гэтая звычка штомесяц забірала каля 200 рублёў. Надзя таксама адмовілася ад алкаголю і занялася здароўем. Кажа, змены закранулі не толькі фінансы.

«У гэтым эксперыменце мне больш за ўсё падабаецца, што я кірую сваім жыццём. Раней было адчуванне, што проста плыву: праца — дом. Цяпер ёсць мэта. Гэта вельмі зараджае», — кажа гераіня.

TikTok і хэйт

Пра свой эксперымент Надзя распавядае ў TikTok. Дзяўчына скончыла курсы па блогерстве і дыстанцыйна атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «інтэрнэт-маркетолаг».

«Першыя ролікі, якія ў нас «заляцелі», былі пра тое, як мы пайшлі станавіцца ў дзяржаўную чаргу на жыллё. Мы там былі 6800‑я якія-небудзь. Зразумелі, што так мы наўрад ці штосьці атрымаем, трэба шукаць іншы спосаб», — распавядае суразмоўца.

Рэакцыя падпісчыкаў розная: ад падтрымкі да скепсісу. Адны не вераць, што пара харчуецца на 300 рублёў, іншыя называюць дзяўчыну «нахабнай» за тое, што бярэ прадукты ў бацькоў.

«Некаторыя наогул пішуць: вы навошта гэта паказваеце, зараз усім нам урэжуць зарплаты», — кажа Надзя.

Парады «зарабляць больш» яе не чапляюць.

«На дадзены момант мая зарплата — максімум, які я магу атрымаць у Жодзіне. І, як паказвае эксперымент, адкладаць можна і з гэтай сумы», — лічыць Надзея.

Паводле яе слоў, нават калі даходы вырастуць, траты на ежу павялічваць сужэнцы пакуль не плануюць. Лепш больш адкладаць.

Зараз Надзя і Улад упэўнены: вытрымаюць столькі, колькі спатрэбіцца. Галоўнае — ясна, дзеля чаго ўсё гэта. Пакуль ёсць мэта і падтрымка адно аднаго, такі рэжым ім пад сілу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула