Мінскае «Дынама» не змагло ўчора вылецець у Сочы і засталося ў Ніжнім Ноўгарадзе з-за пагрозы беспілотнікаў
Каманда больш за гадзіну правяла ў самалёце ў чаканні вылету пасля перамогі над «Тарпеда НН» (4:3) у матчы Кантынентальнай хакейнай лігі.
Фота: ХК «Дынама»
Рэйс павінен быў адправіцца а 22:00, але так і не ўзляцеў і ў выніку быў адменены, паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі хакей».
Паўторную спробу дабрацца да ўзбярэжжа Чорнага мора зробяць сёння.
У Сочы, куды накіроўваюцца «зубры», у панядзелак быў адменены матч мясцовага клуба супраць ЦСКА з-за авіяцыйнай небяспекі (атакі БПЛА).
«Дынама» пасля 59 гульняў займае другі радок у табліцы Заходняй канферэнцыі і датэрмінова выйшла ў плэй-оф (Кубак Гагарына). У мінулым годзе «зубры» прайшлі першы этап плэй-оф, выбыўшы ў другім.