БЕЛ Ł РУС

Сікорскі: Украіна не гатовая да ўступлення ў ЕС у 2027 годзе з-за адсутнасці ключавых рэформ

24.02.2026 / 08:09

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Польшчы выказаўся наконт намаганняў Кіева зафіксаваць 2027 год як дату ўступлення ў ЕС у будучай міратворчай дамове.

Радаслаў Сікорскі. Фота: AP Photo/Matthias Schrader

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што ўступленне Украіны ў Еўрапейскі Саюз патрабуе рэалістычнай ацэнкі гатоўнасці як Кіева, так і самога блоку, і выказаў сумнеў наконт фіксацыі 2027 года як даты далучэння. Пра гэта Радаслаў Сікорскі заявіў пасля сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі, піша «Польскае радыё».

«Я заўсёды цаню крэатыўнае мысленне. Сам факт уступлення Украіны будзе вялікім выклікам як для самой Украіны, так і для Еўрапейскага Саюза, бо гэта вялікая краіна, але не вельмі багатая. Адначасова памятаем, што Украіна яшчэ не цалкам укараніла Пагадненне аб асацыяцыі. Так што крэатыўнае мысленне — гэта адно, а палітычныя рашэнні — гэта іншае», — сказаў міністр.

Ідзе гаворка аб абмеркаванні намаганняў Кіева зафіксаваць 2027 год як дату ўступлення ў ЕС у будучай міратворчай дамове. Прыхільніцай так званага «зваротнага членства» Украіны з'яўляецца старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.

Гэтая канцэпцыя прадугледжвае, што Украіна спачатку становіцца поўнапраўным членам ЕС, а ўжо потым, у працэсе ўкаранення рэформаў, далучаецца да канкрэтных праграм супрацоўніцтва.

Гэта датычыцца, у тым ліку, палітыкі згуртаванасці і Сумеснай аграрнай палітыкі. Сікорскі падкрэсліў, што такі падыход з'яўляецца сур'ёзным працэдурным выклікам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула