БЕЛ Ł РУС

Жыхар Брэста начаваў у машыне, каб атрымліваць камандзіровачныя за жыллё

23.02.2026 / 15:58

Nashaniva.com

59‑гадовы і 64‑гадовы супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства Брэста рэгулярна ездзілі ў Мінск і атрымлівалі камандзіровачныя, у тым ліку грошы на арэнду жылля.

Паводле даных СК, 59‑гадовы мужчына за амаль тры гады ездзіў у Мінск 65 разоў. У справаздачах ён указваў, што здымаў кватэру пасутачна, але насамрэч начаваў у службовым аўтамабілі. Ён перадаваў уладальніку кватэры частку ўзгодненай сумы, а ў бухгалтэрыю падаваў фіктыўныя дакументы на поўную аплату.

Яго 64‑гадовы калега дзейнічаў аналагічна: афармляў арэнду кватэры, але жыў у сваякоў.

Акрамя таго, некалькі разоў вяртаўся з камандзіроўкі раней за вызначаны тэрмін, прысвойваючы нявыкарыстаныя сутачныя. У пацвярджэнне ён прадастаўляў білеты з пазнейшай датай, ствараючы ўражанне, што знаходзіўся ў Мінску даўжэй. Паводле даных следства, такім чынам ён дзейнічаў у 16 камандзіроўках.

Следчыя вывучылі справаздачныя дакументы, пуцявыя лісты і квітанцыі. Агулам работнікі прысвоілі больш за 19 тысяч рублёў.

Абодва фігуранты прызналі віну і цалкам пакрылі нанесеную шкоду.

64‑гадоваму жыхару Брэста выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне маёмасці асобай, якой яна ўверена), 59‑гадоваму — паводле ч. 3 арт. 211 КК (тое ж дзеянне, учыненае ў буйным памеры).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула