«Ёй казалі: «Вы прыдурваецеся?» Золатава расказала пра палітзняволеную Вольгу Чукараву з інсультам, што аслепла ў калоніі
А яна навучылася перасоўвацца навобмацак.
Вольга Чукарава
Галоўны рэдактар Tut.by, экс-палітвязень Марына Золатава апісала ў сваім фэйсбуку гісторыю асуджанай Вольгі Чукаравай.
«Скончыўся другі месяц Года беларускай жанчыны. Хутка сакавік. Там сустрэнуцца беларускі жаночы год і міжнародны жаночы дзень.
Гэта Вольга Чукарава. 50 гадоў. Працавала бухгалтарам у складанай авіяцыйнай сферы.
Па двух артыкулах — 361‑1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — атрымала 4 гады.
Вольга была затрыманая восенню 2024 года. У СІЗА перанесла інсульт. Стала сляпой. Увогуле, цалкам. У каранціне калоніі, праўда, знаходзіліся «разумнікі», якія не верылі: «А як вы тады ўсталі? Як вы сюды падышлі? Вы прыдурваецеся».
А Вольга старалася не скардзіцца. Нават калі ціск 210 (вы ж памятаеце пра інсульт?). Прасіла толькі, каб навучылі — каб прасцей было перасоўвацца навобмацак. Навучылася.
Пасля каранціну пару дзён пабыла ў атрадзе. Потым адправілі ў санчасць. Вазілі на абследаванні. Паводле чутак, з’явіўся яшчэ адзін нядобры дыягназ.
Дачка-падлетак — у інтэрнаце, сын — у арміі, маці — інвалід першай групы, прывязаная да ложка. Хто цяпер яе даглядае, невядома.
Так (у рэшце рэшт, на фоне ўсяго іншага гэта, напэўна, ужо дробязь), Вольга знаходзіцца ў спісе тэрарыстаў. Адпаведна, ёй забароненыя грашовыя пераводы. Вось такая гісторыя беларускай жанчыны», — напісала Марына Золатава.