Мінчанка перавяла махлярам грошы 17 разоў
45‑гадовая жанчына спрабавала ўберагчы сябе ад крымінальнага пераследу, якога на самай справе не існавала, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».
Усё пачалося са званка лжэсупрацоўніка службы дамафонаў. Мужчына пад маркай замены абсталявання паспрабаваў высветліць у пацярпелай асабістыя даныя. Аднак жанчыну насцярожыў замежны нумар, і яна адмовілася працягваць размову.
Неўзабаве мінчанцы патэлефанаваў нібыта праваахоўнік. Ён заявіў, што на яе нумар усталяваная пераадрасацыя, і пераканаў прадыктаваць код з СМС. Далей суразмоўца паведаміў, што на імя жанчыны ўжо аформленыя тры крэдыты на агульную суму 40 тыс. рублёў, а махляры актыўна праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі ад яе імя.
Каб пазбегнуць крымінальнага пераследу і вобшуку ў кватэры, пацярпелай парэкамендавалі неадкладна ўзяць «люстраны» крэдыт. Запанікаваўшы, мінчанка выканала загады аферыстаў.
Яна аформіла пазыку і за 17 разоў перавяла ўсе грошы — 40 тыс. рублёў — на падкантрольныя зламыснікам рахункі.
Толькі на наступны дзень, прааналізаваўшы тое, што адбылося, яна зразумела, што яе падманулі.