Забойца з Краснаярска выйшаў з калоніі, згвалціў родную маці і замест суда пойдзе на вайну супраць Украіны
Жыхар Краснаярска Канстанцін А. толькі адседзеў амаль 14 гадоў за забойства і згвалтаванне і адразу пасля вызвалення згвалтаваў уласную 64‑гадовую маці. Мужчыну ўдасца пазбегнуць адказнасці за новае злачынства — замест вяртання за краты ён падпісаў кантракт з Мінабароны РФ і паедзе на вайну.
Паводле звестак ASTRA, 29 студзеня ў Краснаярску затрымалі раней судзімага Канстанціна А. (поўныя звесткі не раскрываюцца ў мэтах бяспекі ахвяры злачынства).
Мужчыну падазраюць у тым, што ён згвалціў сваю 64‑гадовую маці. У гэты ж дзень, як высветліла ASTRA, пенсіянерка трапіла ў бальніцу з траўмамі пасля нападу і здзекаў сына.
Пасля затрымання сілавікі прапанавалі Канстанціну падпісаць кантракт і пайсці на вайну ва Украіну, каб пазбегнуць пакарання. Мужчына ўжо даў згоду і напісаў пра гэта распіску, паведамілі крыніцы ASTRA.
Канстанцін толькі нядаўна вызваліўся з калоніі — мяркуючы па злітых у сетку базах даных, якія вывучыла ASTRA, мужчына 20 красавіка 2012 года згвалтаваў і забіў жанчыну, за што быў асуджаны на 13 гадоў і 8 месяцаў.