Уіткаф анансуе «добрыя навіны» па Украіне і РФ ужо ў наступныя тыдні
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША дапусціў, што новыя амерыканскія прапановы могуць прывесці да сустрэчы Зяленскага і Пуціна, а магчыма, яшчэ і з Трампам.
Сціў Уіткаф. Фота: Ludovic Marin / Pool photo via AP
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Сціў Уіткаф выказаў надзею, што на працягу трох наступных тыдняў можа адбыцца новы раўнд перамоў па Украіне, які прывядзе да сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага.
«Мы з Джарэдам [Кушнерам] спадзяёмся, што выказалі абодвум бакам некаторыя прапановы, якія прывядуць да іх сустрэчы на працягу наступных трох тыдняў і, магчыма, нават прывядуць да саміту Зяленскага і прэзідэнта Пуціна. У нейкі момант гэта можа нават стаць трохбаковай сустрэчай з прэзідэнтам [ЗША], паглядзім», — сказаў ён у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News.
Пры гэтым спецпасланнік не стаў раскрываць дэталі новых прапаноў.
Паводле слоў Уіткафа, зараз ідзе актыўная падрыхтоўчая праца, і Вашынгтон разлічвае на станоўчую дынаміку. Ён выказаў надзею, што «ў наступныя тыдні з'явяцца добрыя навіны» ў пытанні ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту.