З'явілася петыцыя да Google за дадаванне галасавога ўводу на беларускай мове
На сайце change.org запусцілі петыцыю да Google з просьбай дадаць беларускую мову ў галасавы ўвод Gboard. Зараз беларусам даводзіцца карыстацца іншымі мовамі.
Аўтар петыцыі адзначае, што ў беларусаў ёсць магчымасць адказваць на паведамленні тэкстам, але галасавы ўвод на беларускай мове Google не падтрымлівае. Гэта штучны бар’ер, які прымушае нас або маўчаць, або пераходзіць на чужыя мовы пры выкарыстанні інструмента, піша Devby.io.
«Чаму ўкраінская, польская ці казахская мовы маюць гэтую функцыю, а беларуская — не? Мы — мільёны актыўных карыстальнікаў па ўсім свеце, і мы не хочам быць «нямымі» ў сваіх уласных тэлефонах», — адзначае аўтар.
Ён дадаў, што гэта стварае праблемы ў бізнэсе і ў паўсядзённасці. Напрыклад, гэта забірае час у прадстаўнікоў творчых прафесій пры ручной працы, калі трэба хутка адказаць кліентам. У звычайным жыцці адсутнасць галасавога ўводу на беларускай мове перашкаджае за рулём і проста па дарозе, калі заняты рукі.
Аўтар звароту падкрэслівае, што ў тэхнагіганта ўжо ёсць усе патрэбныя звесткі з Google Translate і Mozilla Common Voice, таму тэхнічных прычын ігнараваць беларускую мову няма. І запатрабаваў дадаць яе ў найбліжэйшым апдэйце Gboard.