БЕЛ Ł РУС

Акцыі EPAM абваліліся на 17% за адзін дзень

20.02.2026 / 14:32

Сяргей Гезгала

Кошт адной акцыі IT-кампаніі, у якой працуе шмат беларусаў, па выніках таргоў 19 лютага апусціўся да 139,16 даляра. Гэта найніжэйшы ўзровень са студзеня 2019 года.

Заставачнае фота: архіўнае

19 лютага акцыі EPAM страцілі ў цане аж 17%. Па выніках таргоў 19 лютага яны патаннелі да 139,16 даляра.

Нагодай для песімізму інвестараў стала статыстыка кампаніі за чацвёрты квартал 2025 года і прагнозы выручкі на 2026 год. Аднак прычына падзення акцый гэтага ІТ-гіганта — у агульным скепсісе адносна здольнасці такіх вытворцаў праграмнага забеспячэння, як EPAM, прыстасавацца да новых рэалій, калі праграмаваць вучыцца штучны інтэлект.

Піка кошту акцыі EPAM былі дасягнулі пры канцы 2021 года — каля 700 даляраў за акцыю.

Першае моцнае і працяглае падзенне цаны адбылося ў лютым-сакавіку 2022 года на фоне нападу Расіі на Украіну: кампанія была моцна прысутная як у Беларусі, так і ў іншых краінах усходу Еўропы, і гэта выклікала непакой інвестараў.

Два гады назад, у лютым 2024 года, акцыі EPAM таргаваліся на ўзроўні ад 290 да 310 даляраў за штуку. 

Год назад, у лютым 2025 года, цана EPAMаўскіх акцый моцна скакала — у раёне 200—260 даляраў за штуку.

EPAM Systems Inc. выйшаў на Нью-Ёркскую біржу 8 лютага 2012 года. Кошт IPO складаў $12 за акцыю. Кампанія была заснаваная ў 1993 годзе выхадцамі з Беларусі, сярод якіх быў Аркадзь Добкін. IPO адбылося амаль праз 19 гадоў пасля заснавання. Кампанія ўваходзіць у спіс S&P 500.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула