Чэмпіён Беларусі і Польшчы трапіў за краты праз тое, што збег ад службы ў беларускім войску. А цяпер увогуле знік
Віктар Шмуляй займаўся вольнай барацьбой з дзяцінства. Ён удзельнічаў у спаборніцтвах спачатку ў Беларусі, а потым і ў Польшчы. Але некалькі месяцаў таму малады мужчына знік, а яго маці расказвае ў сацсетках пра сямейную трагедыю.
Віктар Шмуляй у Польшчы. Фота: gosirteresin.pl
Пра драматычную гісторыю Віктара ў Threads распавяла яго маці Вікторыя Шмуляй. Яна з любоўю дэманструе пакой сына, які зрабіў для таго бацька. Адзінае, што выклікае здзіўленне каментатараў — свяцільня, на якой можна ўбачыць пісталеты.
Пакой Віктара ў бацькоўскім доме. Скрыншот відэа ў Threads
Віктар — старэйшы сын у сям'і — нарадзіўся ў 1996 годзе. Рос спартыўным — вырашыў, што хоча займацца вольнай барацьбой.
У 2013 годзе хлопец нават ездзіў на чэмпіянат Еўропы ў складзе беларускай юнацкай зборнай.
Маці Вікторыя прызнаецца, што перавезці сына ў Варшаву сям’я вырашыла для таго, каб ён не трапіў у беларускае войска.
У Віктара нават ёсць старонка ў польскамоўнай Вікіпедыі. Там апісваюцца яго дасягненні: «Удзельнік міжнародных чэмпіянатаў сярод кадэтаў, юніёраў і моладзі. Яго найлепшым вынікам стала восьмае месца на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў да 23 гадоў у 2018 годзе. Чэмпіён Польшчы ў 2017 і 2019 гадах; другое месца ў 2018 годзе; трэцяе месца ў 2016 годзе. Віцэ-чэмпіён Польшчы сярод моладзі ў 2017 і 2018 гадах. Першае месца сярод юніёраў у 2016 годзе».
Фота: static2.radiosochaczew.pl
У айчынных СМІ прозвішча Шмуляя апошні раз згадвалася ў 2019 годзе. Тады пісалі, што Віктар Шмуляй — чэмпіён Беларусі, чэмпіён Польшчы па вольнай барацьбе — дапамагаў праводзіць майстар-клас для хакейнага клуба «Пінскія ястрабы».
У 2023 годзе Віктар — тады яму ўжо было 27 гадоў — вырашыў вярнуцца ў Беларусь да бацькоў. Яго затрымалі. У выніку, са слоў маці, сыну за ўхіленне ад прызыву ў войска далі паўтара месяца арышту.
Маці кажа, што залежнасць (алкагольная і наркатычная) у яго з’явілася задоўга да вяртання на радзіму.
«З чэмпіёна і цудоўнага, добрага, спагадлівага хлопца ператварыўся ў бамжа. Пяць гадоў проста раздзірае нам душу на часткі, асабліва апошнія тры гады».
Быў момант, калі ў сям’і з’явілася надзея на тое, што сын стане на шлях выпраўлення — ён знайшоў дзяўчыну. Маці расказвае, што абранніца яго была прыгожая і разумная, мела свае крамы. Але ў хуткім часе Віктар кінуў каханую — выбраў кайф.
Бацькоўскія размовы ніяк не дапамагалі, піша маці: «Бомж, і яму гэта нармальна. Валяцца ў кустах, у намёце. Казала, што памрэш без часу, дык ледзь не забіў мяне ад злосці».
Жыццё ператварылася ў суцэльны жах: сын знікаў, бацькі шукалі яго паўсюль — часта знаходзілі ў жудасным стане. Прыводзілі дамоў, адкормлівалі, шкадавалі — а потым усё паўтаралася зноў і зноў.
Прыблізна паўгода таму Віктара павінны былі прымусова адправіць у лячэбна-працоўны прафілакторый, але ў апошні момант бацька змог адмазаць сына. Спалоху хапіла на адзін дзень — потым малады мужчына ўзяўся за старое. Маці кажа, што ў выніку стала толькі горш.
Два месяцы таму Віктар знік — пасля таго, як бацькі паспрабавалі ўвесці стражэйшыя правілы і перасталі даваць грошы. Шукаць яго сям’я не плануе, усе спрабуюць жыць сваім жыццём.
Маці дапускае думку аб тым, што сын мог выехаць назад у Польшчу, бо мае польскае грамадзянства (тата Віктара — паляк):
«Знік, калі тут, у Беларусі, міліцыя прыціснула. Вечны неадэкват. Усім надакучвае ў крамах, крадзе».