БЕЛ Ł РУС

«Дагэтуль не магу паверыць». Адну з кватэр улады Беластока выдалі былой палітзняволенай Галіне Дзербыш

18.02.2026 / 14:22

Nashaniva.com

Улады Беластока выдзелілі дзве кватэры з Фонду сацыяльнага жылля для былых беларускіх палітвязняў. Пра гэта хадайніцтваў Павел Латушка.

Адна з такіх кватэр была выдадзеная Галіне Дзербыш, якая была сярод палітвязняў, вызваленых і дэпартаваных у верасні 2025 года. З усёй групы з 51 чалавека ў яе быў самы вялікі тэрмін: яе абвінавацілі ў спробе захопу ўлады і прысудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі.

— Узрадавалася, — апісвае яна Most сваю рэакцыю на вылучэнне жылля. — Дагэтуль не магу паверыць.

Галіна Дзербыш ужо атрымала ключы ад кватэры і падпісала дамову.

У выдадзеным жыллі яна зможа пражываць пажыццёва, аплачваючы толькі камунальныя паслугі.

Заехаць яна пакуль не можа: у кватэры трэба правесці рамонт (з гэтым дапаможа фонд Dialog) і знайсці мэблю.

Жанчына распавядае, што дом знаходзіцца недалёка ад цэнтра, кватэра — на першым паверсе.

— Заходзіш — вітальня. Далей — куханька і два пакоі, — апісвае яна.

Раней Галіна Дзербыш расказвала «Нашай Ніве», што жыла ў аднапакаёвай кватэры, выдадзенай фондам Dialog. Яна пражыла ў ёй два месяцы, аплачваючы толькі камунальныя.

Чытайце таксама:

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

«Тэрарыстка» Дзербыш, якая атрымала 20 гадоў: Следчы прапаноўваў абылгаць Аўтуховіча ў абмен на лягчэйшае пакаранне

Каментары да артыкула