БЕЛ Ł РУС

«Для нас гэта шок, не можам паверыць». Жыхары вёскі пад Смалявічамі расказалі, як перажылі начны налёт расійскіх падлеткаў

18.02.2026 / 00:03

Nashaniva.com

На світанку 16 лютага аграгарадок Будагова Смалявіцкага раёна трапіў у зводкі крымінальных навін: трое ўзброеных хлопцаў напалі на гаспадароў прыватнага дома і жорстка іх збілі. Сюжэт падаецца рэхам з дзевяностых, але, як высветлілася, справа была не ў крымінальных разборках. Нападнікаў затрымалі па гарачых слядах, аднак у самім паселішчы дагэтуль абмяркоўваюць тое, што здарылася. Журналісты выдання «Анлайнер» адправіліся ў Будагова, каб пагаварыць з мясцовымі жыхарамі і аднавіць храналогію той раніцы.

Дом, які стаў цэллю налётчыкаў, стаіць на самым ускрайку каля лесу. У двары за сеткай-рабіцай бегаюць два сабакі — менавіта яны ў тую раніцу першымі адчулі нешта нядобрае. Іх брэх разбудзіў гаспадара дома, які, убачыўшы ў цемры сілуэты людзей, што падкрадаліся, паспеў націснуць на «трывожную кнопку».

На выклік прыехалі супрацоўнікі Жодзінскага аддзела Дэпартамента аховы. Дваіх налётчыкаў яны затрымалі на месцы, яшчэ аднаго — крыху пазней недзе непадалёк у лесе. Імі аказаліся трое хлопцаў 17—18 гадоў, якія прыехалі з расійскага Ноўгарада. Пазней яны далі паказанні: праз месенджар атрымалі заданне знайсці дом ахвяры, збіць мужчыну і даслаць відэасправаздачу заказчыку. За гэта ім абяцалі ўзнагароджанне — 300 тысяч расійскіх рублёў (крыху больш за 11 тысяч беларускіх).

З сабой у налётчыкаў былі біта, нажы, кастэт і газавы балончык. Да дома ахвяры яны прыехалі на каршэрынгавым аўтамабілі і амаль выканалі заданне: паспелі ўварвацца ўнутр і пачалі збіваць гаспадара дома, яго жонку і сваяка. Але неўзабаве іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Таксама на месца здарэння выязджаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

«Да гэтага выпадку нават дзверы не зачыняла»

Сёння ўдзень, калі журналісты прыехалі ў Будагова, у доме нікога не было. Але, паводле наяўных даных, гаспадара ўжо выпісалі з бальніцы. Пра ўчарашні напад нагадвалі драбіна, прыстаўленая да акна першага паверха, і аскалёпкі шкла ў аконных рамах. Журналісты вырашылі прагуляцца па аграгарадку, каб даведацца, што думаюць наконт таго, што адбылося, мясцовыя жыхары.

Праз суткі пасля рэзананснага налёту Будагова як быццам жыве ў звыклым рытме. Вуліцы ахутаныя марознай смугой — на градусніку мінус дваццаць, таму мінакоў амаль няма. Мясцовая жыхарка Алеся прыйшла на пошту адправіць пасылку. Само аддзяленне з ярка-сіняй шыльдай дзеліць будынак Дома культуры з прадуктовай крамай. Гэта, лічыце, цэнтр мясцовага жыцця, і навіна пра напад тут — тэма нумар адзін.

«Мы пераехалі сюды з Жодзіна дзеля цішыні і спакою, — кажа Алеся, запаўняючы бланк пасылкі каліграфічным почыркам. — Тут добрая інфраструктура: школа, сад. Калі даведаліся, што адбылося, проста не паверылі».

«Не памятаю, каб у нас наогул калісьці такое здаралася! — уключаецца ў размову яшчэ адна жыхарка Будагова. — Дарэчы, у гэтых жа людзей летам, у чэрвені ці ліпені, гараж з машынай згарэў. І вось зноў [бяда]. Учора гадзіне а чацвёртай дня ўжо ўвесь TikTok і Instagram у гэтых навінах былі».

Абедзве жанчыны звяртаюць увагу на важную дэталь: пасля здарэння ўсе сталі прымяраць сітуацыю на сябе і абмяркоўваць неабходнасць устаноўкі «трывожнай кнопкі».

«Я раней нават дзверы не зачыняла, — прызнаецца Алеся. — А ўчора паслухала навіны і лішні раз праверыла замок. Цяпер вось думаю пра гэту кнопку. Маме дакладна трэба ставіць!»

У прадуктовай краме, амаль пустой у такі мароз, пахла толькі што прывезенымі піражкамі. Перыядычна дзверы адчыняліся і, пускаючы марозны віхор, на парозе з’яўляўся хто-небудзь з мясцовых.

«Ніколі ў нас такога не было! — кажа прадавачка. Сама яна прыязджае сюды на працу з суседняй вёскі. — У нас настолькі добрая, мірная вёска. Людзі такія спагадлівыя, амаль усе адзін аднаго ведаюць. Таму для нас гэта шок. Мала верыцца, што такое ў нас наогул магло адбыцца. Незразумела, што заахвоціла гэтых «дзяцей» — аднаму ж усяго 17 гадоў — пайсці на такое злачынства».

Пры гэтым падрабязнасцяў пра саміх пацярпелых у аграгарадку нямнога. Паводле слоў мясцовых, сям'я трымалася адасоблена, з суседзямі цесна не сябравала і нават «у краму ў Доме культуры не хадзіла».

«Звычайныя людзі, агародам займаліся, домам. Казалі, што яны прыезджыя з Расіі, што нібыта гаспадар дома — былы банкір. Але хто ж ведае, як там насамрэч. Усё гэта на ўзроўні чутак», — расказала адна з наведвальніц.

Прадавачка пацвярджае:

«Бывае і такое, што прыйдзе сціпла апрануты чалавек, камунікуе на роўных, жартуе, а потым акажацца нейкім важным чалавекам. Усякае бывае, вядома. Але гэтыя людзі [пацярпелыя] дакладна ў краму да нас не прыходзілі».

«Спакойны такі гарадок»

Яшчэ аднаго мясцовага жыхара, які «проста зайшоў пачытаць расклад», журналісты заспелі на прыпынку. Ён расказаў, што пра ўсё даведаўся з навін і таксама вельмі здзівіўся, што такое магчыма ў іх ціхім Будагове.

«Спакойны гарадок. Да гэтага хіба што дом згарэў мінулай зімой ды нашы мясцовыя разбіліся ўтраіх на машыне. Вось там, проста на ўездзе, — махае ён рукой у бок трасы. — Цэлая сям'я загінула. Ён трактарыстам працаваў, яна — на ферме. І сваячка з імі была. Добра хоць, дачку сваю, малую гадоў дванаццаці, незадоўга да гэтага высадзілі, а то ахвяр было б больш…»

Па дарозе да «таго самага дома» каля лесу сустракаюцца яшчэ двое мясцовых. Мужчыны, як і ўсе да гэтага, «даведаліся пра ўсё па тэлевізары».

«А чацвёртай гадзіне ў навінах убачыў наша Будагова. Гэта была поўная нечаканасць! Гэта ж трэба: жывога чалавека бітай біць?! Так жа і да смерці можна забіць», — разважае адзін з іх.

Размова плаўна пераходзіць да гісторыі. Раней Будагова было звычайнай вёскай, але пасля 80‑х рэзка пайшло ў рост. Сюды актыўна везлі перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Тут раней быў саўгас-міліянер! Гаспадарка велізарная, заробкі — капітальныя, — узгадваюць мужчыны. — Зараз усё інакш. Апошнім часам сталі прыязджаць і мінчукі, і расіяне. Купляюць дамы, будуюцца…»

Чытайце таксама:

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне

«Кубракоў — малайчына!». Лукашэнка пахваліў дзейнасць міліцыі падчас нападу ў Смалявіцкім раёне

Пад Смалявічамі са стралянінай затрымалі трох малалетак-замежнікаў, якія на замову напалі на дом пенсіянераў

Каментары да артыкула