Увялі забарону на разбурэнне птушыных гнёздаў
У Беларусі пачала дзейнічаць штогадовая забарона на знішчэнне птушыных гнёздаў. Пра гэта паведамілі ў Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Здымак ілюстрацыйны: freepik.com
З 16 лютага па 14 жніўня нельга разбураць гнёзды птушак, а таксама зразаць дрэвы, на якіх яны знаходзяцца. Гэтыя меры ўводзяцца для таго, каб не трывожыць птушак у перыяд гнездавання і не знішчаць птушанят разам з гнёздамі.
Забарона распаўсюджваецца на ўсіх — як на звычайных грамадзян, так і на супрацоўнікаў камунальных службаў. Нават калі птушкі лічацца шкоднымі, пагаршаюць санітарны стан населеных пунктаў або ствараюць нязручнасці для людзей, чапаць іх гнёзды ў гэты час усё адно нельга.
За парушэнне прадугледжаныя значныя штрафы: для фізічных асоб — ад 10 да 30 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 10 да 100, а для юрыдычных асоб — ад 20 да 500 базавых велічынь. Акрамя таго, парушальнікам давядзецца кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю.
Чытайце таксама:
У гродзенскім заапарку рыхтуюцца да вяселля журавоў
Мінчанка выратавала лебедзя, якога дзяўблі вароны на Камсамольскім возеры
У Варшаве завялі «птушкамат» для ратавання параненых птушак. Кажуць, што ён такі першы ў свеце