БЕЛ Ł РУС

Трамп заклікаў Украіну стаць больш згаворлівай

17.02.2026 / 08:33

Nashaniva.com

«Пакуль што Украіне лепш хутчэй сесці за стол перамоваў», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Фота: Alex Brandon / AP

Украіне варта хутчэй праявіць згаворлівасць на перамовах па мірным урэгуляванні, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп журналістам на борце Air Force One.

«Пакуль што Украіне лепш хутчэй сесці за стол перамоў. Вось і ўсё, што я вам скажу. Мы на пазіцыі, калі мы хочам, каб яны селі [за стол перамоў]», — сказаў Трамп, адказваючы на пытанне аб яго чаканнях ад будучага раўнда перамоў у Жэневе.

Сустрэчы пройдуць 17‑18 лютага.

Кіраўніком расійскай дэлегацыі стаў памочнік прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі, які ўзначальваў перамоўную каманду Масквы на сустрэчах у Стамбуле ў 2022‑м і 2025-м. У Крамлі патлумачылі ўдзел Мядзінскага тым, што на перамовах у Жэневе будзе абмяркоўвацца больш шырокі спектр тэм, уключаючы тэрыторыі, чым на мінулых раўндах у Абу-Дабі.

Украінскую дэлегацыю ўзначальвае кіраўнік Офіса прэзідэнта Кірыл Буданаў. 

Учора публікуючы фота з дарогі ў Жэневу, ён напісаў, што па дарозе з калегамі будзе абмяркоўваць урокі гісторыі, шукаць правільныя высновы.

«Інтарэсы Украіны павінны быць абаронены», — напісаў Кірыл Буданаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула