БЕЛ Ł РУС

«Пара спыніць гэта ваеннае спекулянцтва». Харватыя адмовілася транспартаваць ў Венгрыю і Славакію расійскую нафту, але гатовая памагчы з іншай

16.02.2026 / 20:51

Nashaniva.com

Харватыя адхіліла запыт Венгрыі і Славакіі на транспартаванне расійскай нафты, заявіў 16 лютага міністр эканомікі Харватыі Антэ Шушняр, піша The Kyiv Independent.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Janos Kummer / Getty Images

Раней у гэты ж дзень міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта паведаміў, што Будапешт і Браціслава звярнуліся да Харватыі па дапамогу ў забеспячэнні паставак расійскай нафты праз трубаправод «Адрыя» з-за перабояў з транзітам праз Украіну.

Антэ Шушняр заявіў, што Заграб «не дазволіць», каб паліўнае забеспячэнне Цэнтральнай Еўропы «апынулася пад пагрозай», і гатовы дапамагчы ў вырашэнні праблемы згодна з заканадаўствам ЕС і правіламі OFAC (Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі ЗША).

Паводле слоў міністра, у краін ЕС больш не засталося ніякіх «тэхнічных апраўданняў» для захавання залежнасці ад расійскай нафты.

«Бараль, набыты ў Расіі, можа здавацца некаторым краінам таннейшым, але ён дапамагае фінансаваць вайну і атакі на ўкраінскі народ. Пара спыніць гэтае ваеннае спекуляванне», — заявіў Шушняр.

Раней Сіярта разам з міністаркай эканомікі Славакіі Дэнісай Сакавай накіраваў ліст Антэ Шушняру, у якім адзначыў, што выключэнне з санкцый для іх краін «дае магчымасць імпартаваць расійскую нафту морам, калі трубаправодныя пастаўкі парушаныя».

«Бяспека энергазабеспячэння краіны ніколі не павінна быць ідэалагічным пытаннем, — сказаў венгерскі міністр. — Таму мы чакаем, што Харватыя, у адрозненне ад Украіны, не будзе ставіць пад пагрозу бяспеку паставак нафты ў Венгрыю і Славакію па палітычных прычынах».

Чытайце таксама:

Спыніліся апошнія пастаўкі расійскай нафты ў Еўрасаюз. Расія сама пашкодзіла нафтаправод

Каментары да артыкула