БЕЛ Ł РУС

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне

16.02.2026 / 15:10

Nashaniva.com

Следчыя працуюць на месцы здарэння па факце ўзброенага нападу ў Смалявіцкім раёне.

У ходзе размовы з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым затрыманыя распавялі, што атрымалі прапанову аб падпрацоўцы ў тэлеграме. Замежнікам загадалі прыбыць у Будагова Смалявіцкага раёна, знайсці дом ахвяры, збіць мужчыну і даслаць відэасправаздачу заказчыку.

За выкананую працу абяцалі 300 тысяч рублёў. Імаверна, гэта ў расійскіх рублях, але МУС не ўдакладняе. 

Трое маладых людзей ва ўзросце 17 і 18 гадоў прыехалі ў Мінск, узброіўшыся нажом, кастэтам, бітай, пісталетамі, газавым балончыкам, узялі каршэрынгавы аўтамабіль і накіраваліся для выканання задання.

Выкарыстоўваючы фізічную сілу, біту і пісталеты, яны нанеслі шматлікія траўмы 63‑гадоваму гаспадару, яго 65‑гадовай жонцы і 67‑гадоваму брату.

У доме была трывожная кнопка Дэпартамента аховы МУС. Гаспадар дома паспеў яе націснуць перад разбіццём акна.

Супрацоўнікі міліцыі, якія аператыўна прыбылі на месца, заблакавалі дом і адразу затрымалі двух нападнікаў.

Трэці паспрабаваў збегчы з пісталетам, але быў затрыманы на тэрыторыі Смалявіцкага раёна.

«Я ехаў з працы раніцай са змены, ужо міліцыя ехала насустрач. Суседзі як суседзі, яны на той вуліцы жывуць, а мы на гэтай. Там машына часта стаяла на расійскіх нумарах, мы ж не ведаем, там прыехалі сваякі, сябры ці хто», — расказаў журналістам сусед. 

Пацярпелыя былі шпіталізаваныя, але іх ужо адпусцілі з лякарні.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула