«Мегатоп» прадаваў кеды з палітычнай абрэвіятурай — прыбралі праз 30 хвілін пасля паста ў Азаронка
Абрэвіятуру ACAB шмат гадоў выкарыстоўваюць, каб выказаць негатыўнае стаўленне да паліцыі. У асартыменце «Мегатоп» аказаліся кеды з гэтымі літарамі — вынік быў прадказальны.
Фота: «Мегатоп»
Англійскую абрэвіятуру ACAB расшыфроўваюць як «all cops are bastards», то-бок «усе копы — выб***кі». Раней яе выкарыстоўвалі на забастоўках працоўных у Брытаніі і ў турэмных тату, але з часам абрэвіятура атрымала папулярнасць у пратэстоўцаў па ўсім свеце, а таксама ў футбольных фанатаў і скінхэдаў.
«Мегатоп» адкрыў на сваім сайце продаж кедаў з такой абрэвіятурай. Літары ACAB у гэтым выпадку намаляваныя ў стылі графіці, абрэвіятуру сапраўды часта для гэтага выкарыстоўваюць.
На сайце было пазначана, што гэтыя кеды — навінка. Кошт — 49,69 рублёў за меншыя памеры (шэраг пачынаўся з 30‑га памера) і каля 54 рублёў за больш вялікія кеды.
Прапагандысты не прайшлі міма. Зліўны тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы» апублікаваў скрын з сайта «Мегатопа», скрын з «Вікіпедыі», дзе тлумачыцца значэнне абрэвіятуры, і паставілі кароткі подпіс: «Мегатоп», вы там, гандляры, увогуле яб***ліся?».
Праз хвіліну гэта ў сваім канале перапосціў Рыгор Азаронак, а яшчэ праз паўгадзіны кеды разладу знялі з продажу. Калі цяпер прайсці па спасылцы, якая раней вяла на старонку з кедамі, сістэма адказвае, што такой старонкі больш не існуе.
«Жоўтыя злівы» заўважылі, што кедаў больш няма. І пачалі пагражаць:
«Калі буйная гандлёвая сетка закупляе красоўкі з экстрэмісцкім надпісам і барыжыць гэтым дзярмом ва ўсіх сваіх крамах, тут ёсць подпісы і візы таваразнаўцаў, маркетолагаў, намнамычаў і больш высокага кіраўніцтва. Яны куды глядзелі?
Усіх адказных за гэтую дыверсію — у студыю. На фоне дзвярэй. З мерамі спагнання, кадравымі высновамі і іншым належным для выпадку рэагаваннем».
Азаронак быў больш лаканічны:
«Праклятых гандляроў зноў выхавалі швабрай. Цудоўна».
На «Мегатоп» склалі пратакол за надпіс на кедах і пагражаюць «аргвысновамі»