БЕЛ Ł РУС

Блогер Павел Спірын выехаў у Літву

15.02.2026 / 12:18

Nashaniva.com

Пра вызваленне Паўла Спірына пасля пяці гадоў зняволення стала вядома ў студзені. Цяпер з'явілася відэа з ім у Вільні.

«Усім прывітанне. Вось нарэшце я выехаў з Беларусі. Зараз знаходжуся ў Літве. Вялікі дзякуй усім за падтрымку, за тое, што ўсе гэтыя гады былі са мной і з іншымі людзьмі, якія не паспелі дарабіць тое, што мы павінны былі дарабіць у 2020 годзе. Але ўсё наперадзе», — кажа на відэа Павел. 

Пра вызваленне 42‑гадовага палітычнага блогера Паўла Спірына стала вядома ў студзені. Ён правёў у зняволенні больш за пяць гадоў, апошнім часам Спірына трымалі ў Горках у калоніі для «рэцыдывістаў» разам з Алесем Бяляцкім.

Павел — юрыст паводле адукацыі. Калісьці працаваў у дзяржаўным камунальным прадпрыемстве, але яго звольнілі з працы, калі ён узяў удзел у парламенцкіх выбарах. Пасля таго Спірын вырашыў заняцца ютубам. Яго палітычныя відэа збіралі сотні тысяч праглядаў.

У 2020 годзе блогер спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты, але яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Тады ён стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай.

Спірын быў арыштаваны ў верасні 2020 года. Яму прысудзілі 4,5 года калоніі за «распальванне варожасці» ў дачыненні да беларускіх уладаў за два фільмы на ютубе — пра наркабізнэс і пра тагачаснага генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Цяпер гэтыя відэа выдаленыя з ютуба.

Блогер адбываў пакаранне ў калоніі ў Бабруйску. Перад планаваным вызваленнем на яго завялі новую крымінальную справу за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Спірыну прысудзілі яшчэ год зняволення і адправілі ў калонію ў Горках, дзе яго ўтрымлівалі разам з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

Па сканчэнні дадатковага гадавога пакарання Спірына вызвалілі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула