БЕЛ Ł РУС

У Літве перахапілі партыю кантрабандных цыгарэт, якія скінулі ў снег з цягніка

14.02.2026 / 16:10

Nashaniva.com

У Вілкавішкскім раёне ў Літве памежнікі затрымалі двух мясцовых жыхароў, якіх падазраюць у незаконным валоданні падакцызнымі таварамі. Мяркуецца, што буйную партыю цыгарэт выкінулі з грузавога цягніка, які рухаўся па маршруце Кібарты — Кяна.

На месцы здарэння літоўскія памежнікі знайшлі каля чыгункі каля пяцідзесяці кардонных скрынак. У іх знаходзілася 25 тысяч пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Агульны кошт канфіскаванага грузу з улікам усіх абавязковых у Літве падаткаў перавышае 110 тысяч еўра.

Побач, на тэрыторыі сядзібы, памежнікі знайшлі мікрааўтобус Volkswagen Crafter з літоўскімі нумарамі. Мяркуецца, што гэты транспартны сродак мог выкарыстоўвацца для перавозкі кантрабандных тавараў.

Затрыманыя мужчыны (34 і 45 гадоў) спачатку былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, аднак пасля допыту іх вызвалілі пад пісьмовае абавязацельства не пакідаць месца жыхарства.

За незаконнае абарачэнне падакцызных тавараў у Літве прадугледжаныя штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да васьмі гадоў.

Чытайце таксама:

Рэйсавы аўтобус Гомель — Вільня трапіўся на кантрабандзе

У Санкт-Пецярбургу затрымалі мужчыну за адпраўку ў Беларусь амерыканскай бронепласціны

У Літве перахапілі сем грузаў, дастаўленых паветранымі шарамі, і затрымалі двух чалавек

Каментары да артыкула