БЕЛ Ł РУС

Беларусы спрачаюцца, як правільна пісаць: «крындж» ці «крынж»

15.02.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

У беларускім сегменце Threads разгарэлася чарговая мовазнаўчая спрэчка. Гэтым разам пад прыцэл трапіла адно з самых папулярных моладзевых слоў апошніх гадоў. Карыстальнікі сацсеткі актыўна абмяркоўваюць, як правільна пісаць па-беларуску: «крынж» ці ўсё ж «крындж»? Але ці заўсёды адказ можна знайсці ў слоўніку? 

Дыскусія пачалася з катэгарычнага допісу адной карыстальніцы, якая заявіла, што правільна пісаць «крынДЖ», «таму што дж/дз». Некаторыя былі згодныя, іншыя звярталі ўвагу, што і іншыя словы таксама пры пераходзе ў беларускую мову змянялі сваё гучанне.

З заявы пакпіў акаўнт «Еўрарадыё», які выказаўся супраць варыянту з «дж»: «Запазычанне фанетычнае, таму [правільна] крынж. КрынДЖ — вось што крынж».

У адказ Кацярына Варажун парыравала, што «якраз як «крындж» у беларускай мове перадаецца англійскае слова», спаслаўшыся на фанетычную транскрыпцыю ў слоўніках.

View on Threads

На гэта СМІ адрэагавала фразай: «Канапавыя філолагі могуць пісаць як хочуць:)». Такая рэпліка абразіла Кацярыну, яна апублікавала скрыншот перапіскі, што запусціла спрэчку на новы ўзровень і прыцягнула да абмеркавання яшчэ больш людзей.

Каментатары палезлі ў Кембрыджскі слоўнік і пацвердзілі, што ў транскрыпцыі сапраўды прысутнічае гук [dʒ], які падобны да беларускага «дж».

А што кажуць беларускія слоўнікі?

Вокладка Слоўніка новых запазычаных слоў беларускай мовы

Нягледзячы на тое, што слова вельмі новае (у маштабах існавання мовы) і знайсці прыклады яго ўжывання ў беларускай мове раней за 2020 год праблематычна, яно ўжо зафіксавана навукоўцамі. Слова ўжо трапіла ў «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы». Гэтае грунтоўнае выданне, складзенае мовазнаўцамі Вікторыяй Уласевіч і Наталляй Даўгулевіч, пабачыла свет у 2023 годзе. Яно фіксуе лексіку, якая з’явілася ў нашай мове ў першай чвэрці ХХІ стагоддзя: ад «акаўнта» і «даната» да «фэйку» і «майнінгу».

«Крынж» і «крынжовы» ў Слоўніку новых запазычаных слоў беларускай мовы

Аўтары слоўніка адназначна вызначаюць напісанне спрэчнага слова:

КРЫНЖ, -у, м. (англ. cringe), жарг. Пачуццё сораму, няёмкасці за чые-небудзь дзеянні; тое, што выклікае такія пачуцці.

КРЫНЖОВЫ, прым. Які выклікае пачуцці сораму і няёмкасці за чые-небудзь дзеянні.

Аднак не для ўсіх удзельнікаў дыскусіі гэты слоўнік — аўтарытэт. Напрыклад, папулярны акаўнт «Bielaruskaja ad A da Ja», які змагаецца за чысціню мовы ад уплыву рускай мовай і ад англіцызмаў, выступіў з катэгарычнай крытыкай выдання. На яго думку, слоўнік новых слоў — гэта проста «збор смецця для вузкіх спецыялістаў», які фіксуе ўсё запар, нават «поўнае абы-што».

View on Threads

Ён настойвае, што калі слова бярэцца з англійскай мовы, то трэба пазбягаць рускага пасярэдніцтва.

«Яны пішуць крынж, бо няма ў рускай гуку «дж», а ў нас ёсць, то трэба запазычваць як крындж, бо нашы фанетычныя сродкі дазваляюць гэта», — так гучыць яго аргумент.

Гэтыя сцвярджэнні пра «спецыфічнасць» слоўніка разбіваюцца аб анатацыю самога выдання, дзе сказана, што яно адрасуецца шырокаму колу чытачоў: выкладчыкам, студэнтам, журналістам і ўсім, хто цікавіцца мовай. Гэта значыць, што перад намі не спецыфічны навуковы дакумент, а практычны інструмент для шырокага кола карыстальнікаў.

Слоўнікі новых слоў (неалагізмаў) — разнавіднасць больш шырокіх і грунтоўных тлумачальных слоўнікаў. Яны выконваюць функцыю аператыўнага рэагавання на змены ў мове. Калі вялікія шматтомныя тлумачальныя слоўнікі перавыдаюцца раз на некалькі дзесяцігоддзяў, то такія выданні дазваляюць зафіксаваць тут і цяпер тое, што адбываецца ў жывым маўленні.

Для кагосьці такі слоўнік — гэта легітымізацыя слэнгу («фух, значыць, так можна пісаць афіцыйна»), для кагосьці — даведнік па правапісе, а для кагосьці — крыніца ведаў пра паходжанне слоў. Ігнараваць яго наяўнасць, абапіраючыся толькі на ўласнае моўнае пачуццё, — значыць адмаўляць аб’ектыўную рэальнасць.

Дык што, толькі «крынж»?

Трэба разумець прыроду слоўнікаў і тое, як яны ствараюцца. Прэтэнзія, што навукоўцы цягнуць туды «ўсё запар», гучыць дзіўна, бо фіксацыя узусу — рэальнага ўжывання слоў носьбітамі — гэта і ёсць фундамент лінгвістыкі.

Настаўніца ў школе выпраўляе памылкі, каб вучні засвоілі зацверджаныя правілы, а мовазнавец назірае за тым, як мова жыве і змяняецца, як адміраюць старыя нормы і нараджаюцца новыя, адаптуючы пад гэтыя змены правілы і слоўнікі.

Мовазнавец запісвае дыялектызмы бабулек у вёсцы і слэнг падлеткаў у TikTok з аднолькавай цікавасцю. Аднак слоўнік новых запазычаных слоў, у адрозненне ад дыялектнага, выконвае яшчэ і нарматыўную функцыю.

Літаратурная мова — гэта сістэма. Задача складальніка нарматыўнага слоўніка — не проста запісаць пачутае, а адабраць тое, што не разбурае гэтую сістэму, або прывесці яго да выгляду, які не супярэчыць гэтай сістэме.

Добры прыклад — спартыўная зала. Слова «качалка» — гэта відавочны русізм, «сілоўня» — паланізм, а «джым» — англіцызм. У той жа час слова «мацоўня» выглядае натуральным беларускім утварэннем, якое не выбіваецца з шэрагу звыклых слоў. Таму менавіта яно, разам з трэнажоркаю, мае найбольшыя шанцы трапіць у будучыя слоўнікі, пакінуўшы канкурэнтаў за бортам літаратурнай нормы.

Тое ж тычыцца і правапісу. Колькі б карыстальнікі ў сацсетках ні пісалі «крынжь» (з мяккім знакам) ці «кріндж» (праз і), гэтыя варыянты ніколі не трапяць у нарматыўныя слоўнікі, бо яны груба парушаюць базавыя правілы беларускай арфаграфіі.

У выпадку ж з «крынжам» і «крынджам» сітуацыя больш складаная: абодва варыянты фармальна не парушаюць правілаў нашай мовы, а нейкіх універсальных «правілаў правільнага запазычання» проста не існуе.

Шырока распаўсюджанае ўяўленне пра тое, што мы свядома «бяром» словы з іншай мовы, выбіраючы лепшы варыянт, — гэта ілюзія. Словы хутчэй «прыходзяць» самі, падобна вірусу.

Шляхі іх пранікнення могуць быць самымі рознымі: навуковец не знайшоў дакладны пераклад тэрміна, падлетак гуляў у неперакладзеную гульню і засвоіў нейкія слоўцы, двухмоўны чалавек ужыў слова з іншай мовы, але з патрэбным сэнсам у сваім маўленні.

Часта немагчыма знайсці таго «нулявога пацыента», які першым ужыў новае слова. Спроб пранікненняў у мову можа быць некалькі, раскіданых па часе, але не ўсе з іх могуць быць паспяховымі.

Калі «вірусная нагрузка» недастатковая, а ўнутраная «імунная сістэма» мовы — яе правілы і ўзровень пурызму ў грамадстве — застаецца моцнай, то новае слова можа і не пранікнуць, або зведаць незвычайную «мутацыю», адаптаваўшыся пад новыя ўмовы.

Новае слова не абавязкова займае лакуну, яно можа выцясняць і ўласную лексіку мовы, у якую прыйшло, калі носьбіты ўспрымаюць яго як больш зручнае, прыгожае ці сучаснае.

View on Threads

Тое, што англіцызм прыйшоў у беларускую мову праз пасрэдніцтва рускай, — сітуацыя абсалютна тыповая і не ўнікальная. Нават калі б беларусы раптам перасталі гэтак павальна валодаць рускай мовай, як сёння, яе ўплыў усё роўна застаўся б адчувальным з-за велізарнага маштабу рускамоўнай інфапрасторы, колькасці кантэнту і большай колькасці сувязяў ва ўсіх сферах з англамоўным светам.

У старабеларускую мову многія словы траплялі праз польскую, хоць геаграфічна межы з іншымі краінамі маглі быць бліжэйшымі. Напрыклад, у выпадку з германізмамі: у ВКЛ была непасрэдная мяжа з Прусіяй, а ад Вільні да Кёнігсберга бліжэй, чым да Варшавы — але гэтага было недастаткова, каб абысціся без пасрэдніцтва польскай мовы.

Задумвацца пра чысціню мовы ад запазычанняў пачалі толькі ў часы нацыянальных дзяржаў, а пра тое, каб яшчэ і запазычанні былі «правільнымі», з мовы арыгіналу — здаецца, вынаходства апошніх дзесяцігоддзяў на постсавецкай прасторы. У гэтых працэсаў ёсць свае станоўчы і адмоўныя бакі.

Магчыма, што ніякі «крынж» ніколі б не дабраўся да беларускай мовы, калі б спачатку не трапіў у рускую. І дзіўна рабіць выгляд, што гэтага пасрэдніцтва не было ці яго можна было пазбегнуць, калі ў выніку не пазбеглі.

Патрабаванне пазбягаць пасрэднікаў у запазычаннях абсурднае, бо патрабуе ўтаймаваць дзікую стыхію жывых чалавечах зносін і моўнага абмену.

Не, наша і мовазнаўцаў задача — не столькі захаваць гучанне ці форму чужога слова, колькі адаптаваць яго так, каб яно стала сваім, не супярэчыла беларускай мове, нават калі гэта будзе аддаляць яго ад арыгіналу.

Напрыклад, словы threads і shorts у англійскай мове ўжо стаяць у форме множнага ліку. Але мы спакойна кажам «трэдсы» і «шортсы», дадаючы яшчэ адзін канчатак множнага ліку. З пункту гледжання логікі — гэта «масла масленае», але нам так зручна, гэта добра кладзецца ў нашу граматыку, і таму такія формы не выклікаюць у нас пытанняў.

Слоўнікавы артыкул cringe з «Англійска-беларускага слоўніка» Валянціны Пашкевіч (2006). Скрыншот сайта Verbum

Калі звярнуцца да класічнага «Англійска-беларускага слоўніка» Валянціны Пашкевіч (2006), то там слова cringe падаецца з транскрыпцыяй [krɪŋdʒ]. Сапраўды, гэта фанетычна бліжэй да «крындж».

Калі ж пайсці шляхам простай транслітарацыі літар, атрымаецца «крінге» — і такі варыянт таксама можна сустрэць у сеціве, як свежую замену са свядомай памылкай для падзаезджанага «крынжу/крынджу», які ўжо не гучыць так камічна, як раней.

Але дакладнае прытрымліванне арыгінальнаму вымаўленню не заўсёды працуе. Класічны прыклад — слова computer. У арыгінале яно гучыць прыкладна як [kəmˈpju:tə], без ніякага «р» на канцы. Аднак у беларускую яно прыйшло як «камп'ютар», абапіраючыся на напісанне, а не на вымаўленне. І было тут пасрэдніцтва рускай мовы ці не было — значэння не мае. 

Запазычванне тэрмінаў блізкае да практычнай транскрыпцыі ўласных імёнаў, бо таксама шукае кампраміс паміж пазнавальнасцю гучання і графічнай адпаведнасцю. Але гэтага нельга сказаць пра размоўнае cringe, якое абазначае пачуццё.

Як насамрэч пішуць беларусы?

Якая форма была першай у беларускай мове, дакладна ўжо не даведаемся, але аналіз сацыяльных сетак дазваляе зрабіць цікавыя назіранні.

Першымі ўжываць слова «крынж» сталі рускамоўныя падлеткі з анімэшнымі аватаркамі ў 2017 годзе. Скрыншот твіта

У Twitter (цяпер X), самай нефармальнай з усіх платформаў, формы «крындж» і «крынж» упершыню пачалі ўжываць зусім не беларускамоўныя акаўнты. Яны з'явіліся яшчэ ў канцы 2010‑х гадоў у твітах рускамоўных падлеткаў з анімэшнымі аватаркамі.

Свядомая памылка ў напісанні слова, напісанне «крынж» замест «кринж» (праз «ы»), гэта свядомая інтэлектуальная гульня са словам, якой забаўляліся яшчэ сярэднявечныя манахі на латыні. 

Першы прыклад ужывання слова «крынж» у беларускамоўным твіце, які можна адшукаць сёння, датуецца пачаткам лютага 2020 года. Скрыншот твіта

Калі ж казаць пра беларускамоўны сегмент, то першае зафіксаванае ўжыванне слова «крынж» датуецца лютым 2020 года (у фразе «крынж у вока трапіў»). Варыянт «крындж» з'явіўся пазней — у жніўні таго ж года.

Сёння паміж гэтымі дзвюма формамі ідзе сапраўдная канкурэнцыя, у якой пакуль што ўпэўнена перамагае больш просты варыянт. Статыстыка за пачатак 2026 года паказальная: форма «крынж» была ўжытая карыстальнікамі 15 разоў, у той час як «крындж» — толькі 7. Гэта значыць, што ў жывым маўленні варыянт без «д» сустракаецца ў два разы часцей.

Першы прыклад ужывання слова «крындж» у беларускамоўным твіце, які можна адшукаць сёння, датуецца пачаткам жніўня 2020 года. Скрыншот твіта

Гэта часткова тлумачыць, чаму аўтары слоўніка зафіксавалі менавіта яго: магчыма, арыентаваліся на рэальную частату ўжывання. З іншага боку, ігнараванне даволі папулярнага варыянту «крындж» таксама выклікае пытанні да складальнікаў, бо ён мае сваю лагічную і фанетычную базу.

Галоўнае, што варта вынесці з гэтай гісторыі: спачатку ідзе узус (жывое ўжыванне), а ўжо пасля — мовазнаўства. Правілы і слоўнікі могуць уплываць на тое, як мы гаворым, могуць карэктаваць нормы, але яны не здольныя змяніць кірунак магутнай ракі, якой з’яўляецца любая жывая мова.

Вы можаце ўжываць любую форму, якая не супярэчыць прыродзе беларускай мовы — і «крындж», і «крынж», і нават больш іранічнае «крынге». І не варта папраўляць іншых, калі яны пішуць інакш, дайце часу вырашыць гэта моўнае пытанне натуральным чынам. Можаце нават прыдумаць свой уласны, цалкам беларускі адпаведнік — калі ваша слова спадабаецца іншым, яно прыжывецца і, магчыма, нават выцісне запазычанне.

Беларуская мова — гнуткая і жывая, яна не зведае шкоды ні ад аднаго з гэтых варыянтаў. А пра што дакладна не варта думаць, дык гэта пра англійскую мову. Ёй абсалютна ўсё роўна, як вы вымаўляеце і як перайначваеце запазычаныя ў яе словы.

А ў нашаніўскай традыцыі мы пішам «крындж».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула