БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Ва Украіне пасля расійскіх удараў не засталося ніводнай цалкам ацалелай электрастанцыі

14.02.2026 / 15:06

Nashaniva.com

Толькі ў студзені Украіна адбіла атакі каля 6000 дронаў, больш за 150 ракет і звыш 5000 кіраваных авіябомбаў.

Alex Kraus/Bloomberg via Getty Images

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, заявіў, што ў краіне не засталося ніводнай непашкоджанай электрастанцыі, піша Bild.

«Няма ніводнай электрастанцыі ва Украіне, якая не была б пашкоджана расійскімі атакамі. Ніводнай», — падкрэсліў ён.

Па словах Зяленскага, толькі ў студзені Украіна адбіла атакі каля 6000 дронаў, больш за 150 ракет і звыш 5000 кіраваных авіябомб.

Прэзідэнт Украіны назваў стан супрацьпаветранай абароны пытаннем выжывання. Пры гэтым Зяленскі падзякаваў краінам, якія падтрымліваюць Кіеў «не толькі словамі, але і справамі», асобна адзначыўшы дапамогу Германіі, Нарвегіі і Нідэрландаў, а таксама пастаўкі ўзбраенняў па лініі ЗША.

«Я ганаруся нашай краінай. Менавіта мужнасць і стойкасць украінцаў маюць вырашальнае значэнне. За гэта ўкраінцы заслугоўваюць падзякі і павагі», — заявіў ён пад апладысменты залы.

Асобна Зяленскі раскрытыкаваў кіраўніцтва Ірана за пастаўкі дронаў Расіі. Паводле яго слоў, Украіна не знаходзіцца ў канфлікце з Іранам, аднак менавіта іранскія беспілотнікі выкарыстоўваюцца для атак на ўкраінскія гарады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула