БЕЛ Ł РУС

Памятаеце Таццяну Зарэцкую, якая са скандалам звальнялася з Кабінета Ціханоўскай? У Эстоніі яе падазраюць у махлярстве

13.02.2026 / 14:18

Nashaniva.com

Брусель патрабуе ад фігуранткі гучнага расследавання «Нашай Нівы» вярнуць больш за 2 мільёны еўра з раней атрыманай субсідыі.

Зарэцкая ўзначальвала стартап Laava Tech OÜ. Кампанія нібыта распрацавала энергаэфектыўныя рашэнні, якія павінны былі прыносіць фермерам значную фінансавую выгаду. У 2021‑2023 гадах Еўрапейская камісія выдзеліла на праект каля 2,4 мільёна еўра. Аднак выглядае, што стартап быў махлярствам.

Як піша «Люстэрка» са спасылкай на Ekspress.delfi.ee, у 2024 годзе Еўрапейская пракуратура пачала крымінальнае расследаванне пра дзейнасць Laava Tech. Згодна з падазрэннямі, злачынства нанесла Еўрасаюзу шкоду амаль на 450 тысяч еўра, Акрамя Зарэцкай, у справе фігуруюць яшчэ два падазраваных.

Акрамя таго, Брусель запатрабаваў вярнуць больш за 2 мільёны еўра з выдадзенай раней субсідыі.

«У выпадку падазрэння ў махлярстве ў грантадаўцы ёсць права запатрабаваць вяртання ўсёй субсідыі», — заявіла на гэтым тыдні на пасяджэнні Талінскага акруговага суда Еўрапейскі дэлегаваны пракурор Крысціна Саўчанкава.

У снежні мінулага года суд арыштаваў банкаўскі рахунак Зарэцкай у Эстоніі і будучыя паступленні на суму да 1,8 мільёна еўра. Суд таксама наклаў забарону на распараджэнне яе долямі ў эстонскіх кампаніях.

Таццяна Зарэцкая ў верасні 2022 года стала прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы. Менш чым праз два месяцы яна пасля скандалу заявіла пра сваё звальненне — пасля таго як СМІ выказалі здагадку, што яе «стартап» можа быць махлярствам.

Чытайце: Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула

Чытайце таксама:

Памятаеце «паспяховую мільянерку» Зарэцкую? Выглядае, што яе кампанія — усё

Таццяна Зарэцкая больш не эстонская стартаперка. Цяпер яна спрабуе стаць пасярэдніцай інвестараў у Саудаўскай Аравіі

«Чырвоных сцяжкоў больш, чым на камуністычным мітынгу». Фінансавы аналітык Адаскевіч пра стартап Зарэцкай

Хлусіць — нядобра, а дзяржава — не стартап: чатыры ўрокі з кейса Зарэцкай

Каментары да артыкула