БЕЛ Ł РУС

За палітыку асудзілі Мікіту Беражкова, былога прэс-аташэ хакейнага «Дынама» і сына экс-рэдактара «Прэсбола»

13.02.2026 / 13:09

Nashaniva.com

Мікіта апошнім часам жыў у Маскве, ён адпрацаваў сем гадоў на МатчТВ.

Мікіта Беражкоў у 2013-м. Фота: telegraf.news

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 40‑гадоваму Мікіце Беражкову, гэта вядомы ў спартыўных колах чалавек.

Ён сын Уладзіміра Беражкова — легендарнага галоўнага рэдактара «Прэсбола», які ўзначальваў газету ў 1995-2014, а ў 2015‑м трапіў у СІЗА па абвінавачванні ў карупцыі. На той момант ён быў генеральным дырэктарам мінскага хакейнага «Дынама». Пасля вызвалення Уладзімір Беражкоў працаваў у Беларускай федэрацыі футбола, у «СБ. Беларусь сёння», у Федэрацыі хакея Беларусі.

Мікіта таксама ішоў па каляспартыўнай лініі. Ён працаваў прэс-аташэ мінскага хакейнага «Дынама», а неўзабаве пасля арышту бацькі пераехаў у Расію. Там адпрацаваў сем гадоў прадзюсарам на спартыўным канале МатчТВ.

У свой час быў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю спартыўных фільмаў «Атлант».

Невядома, калі на Мікіту Беражкова завялі крымінальную справу і ці быў ён у СІЗА.

Беражкова-малодшага абвіначвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса). Па гэтым артыкуле судзяць сотні чалавек, затрыманых па справе Гаюна, але няясна, ці ў Мікіты было такое ж абвіначваванне.

Спартыўнаму прадзюсару прысудзілі хатнюю хімію. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула