БЕЛ Ł РУС

У цягніку Віцебск—Мінск п'яны пасажыр ударыў спадарожніка нажом у шыю

13.02.2026 / 12:32

Nashaniva.com

Жорсткі напад адбыўся ўвечары 12 лютага ў цягніку, які рухаўся з Віцебска ў Мінск.

На перагоне ля станцыі «Барысаў» 36‑гадовы жыхар Віцебскай вобласці, будучы п'яным, ударыў нажом у шыю 45‑гадовага спадарожніка, піша «Мінская праўда».

Мужчына ехаў у трэцім вагоне. Маючы білет на верхнюю паліцу, ён самавольна заняў бакавое месца і з самага пачатку паводзіўся задзірліва: чапляўся да замежніка, адпускаў пахабныя каментары ў адрас маладой дзяўчыны, піў алкаголь, дадаючы яго ў гарбату.

Прыкладна праз паўтары гадзіны шляху паміж ім і суседам успыхнула сварка. П'яны пасажыр пачаў абражаць мужчыну і пагражаць расправай.

На станцыі «Барысаў» абодва дамовіліся выйсці і разабрацца на вуліцы. Але, не чакаючы прыпынку, мужчына раптам дастаў складны нож і ўдарыў у шыю апанента.

Відавочцы не разгубіліся і адразу пачалі аказваць пацярпеламу першую дапамогу. На наступнай станцыі — у Жодзіне — мужчыну экстранна шпіталізавалі ў рэанімацыю, а нападніка затрымалі.

«Медыкі дыягнаставалі ў яго колата-рэзанае раненне шыі з пашкоджаннем сонных артэрый, а таксама ярэмных вен», — удакладнілі ва УСК. Траўмы адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Заведзена крымінальная справа.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула