Мацкевіч — Пракоп’еву: Ціханоўскі — таксама індывідуальны гулец, сышліся дзве адзіноты. У вас абодвух нічога не атрымаецца
«Ты прайграеш любому, у каго ёсць каманда».
Уладзімір Мацкевіч. Фота: Белсат
Філосаф і былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч жорстка прайшоўся па палітычных перспектывах рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева. Ён адрэагаваў на слуханні ў Каардынацыйнай радзе, калі Пракоп'еў пікіраваўся са Святланай Ціханоўскай.
Чытайце таксама:На слуханнях КР Пракоп'еў высвятляў, чаму Ціханоўская села там, дзе села
«Ты і Святлана вельмі розныя. Святлана Ціханоўская — камандны гулец і майстар індывідуальных паядынкаў. Ты ж індывідуаліст. Можа, тваё майстэрства і вышэйшае, але гэта не дае табе пераваг у камандных сутыкненнях.
Так, ты ўмееш узаемадзейнічаць з ананімнай публікай, дзе не адрозніваюцца індывідуальныя твары, характары, душы. Таму з табой супрацоўнічаюць толькі з разліку на сітуатыўную мэтазгоднасць. Не ў доўгатэрміновых гульнях.
Таму ты заўсёды будзеш прайграваць такім, як Святлана. Нават калі ты маеш рацыю. Нават калі ў цябе ёсць план, праграма, стратэгія, а ў твайго апанента і канкурэнта іх няма.
Ты прайграеш любому, у каго ёсць каманда.
А што ёсць у цябе? Сяргей Ціханоўскі. Але ён таксама індывідуальны гулец. Сышліся, разумееш, дзве адзіноты.
Таму ў цябе (у вас абодвух) нічога не атрымаецца.
Так, у цябе, напэўна, ёсць план. Веру, ведаючы твой розум і кваліфікацыю.
Але гэта план для цябе, крыху для твайго партнёра і для некаторых, хто падтрымае цябе з сітуатыўнай прагматыкі.
Але гэта не ПЛАН-ДЛЯ-НАС — для дыяспары, для эміграцыі, для ўсёй Беларусі — нацыі і дзяржавы.
А цяпер патрэбна менавіта гэта. Ступень патрэбы — «кроў з носу», «да зарэзу» і неяк так», — мяркуе Мацкевіч.