БЕЛ Ł РУС

Нацыяналістычная партыя Бангладэш перамагае на першых пасля паўстання выбарах

13.02.2026 / 09:11

Nashaniva.com

Нацыяналістычная партыя Бангладэш (НПБ) атрымала рашучую перамогу на нядаўніх парламенцкіх выбарах, атрымаўшы дзве траціны месцаў, пiша Бі-бі-сі.

Фота: Md. Rakibul Hasan Rafiu/NurPhoto via Getty Images

Паводле апошніх звестак, НПБ і яе саюзнікі атрымаюць як мінімум 212 з 299 месцаў у Палаце нацыі — аднапалатным парламенце. Ісламскі саюз («Джамаат-і-Ісламі») і яго саюзнікі, верагодна, атрымаюць каля 70 месцаў.

Былая кіроўная партыя, Ліга Авамі, з мая мінулага года забаронена і ў выбарах не ўдзельнічала. Яе лідар Шэйх Хасіна ўзначальвала ўрад больш за 15 гадоў і была зрынута ў выніку масавых пратэстаў летам 2024 года. Яна збегла ў суседнюю Індыю.

Пасля паўстання краіны часовы ўрад Бангладэш узначаліў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Мухамад Юнус, які да таго жыў у Парыжы. Менавіта ён прасоўваў гэтыя палітычныя рэформы, за якія цяпер галасавалі на рэферэндуме яго суграмадзяне.

«З сённяшняга дня ў нас ёсць магчымасць з кожным нашым новым крокам будаваць новы Бангладэш. Гэта свята, дзень радасці, дзень свабоды, канец нашым кашмарам. Я віншую вас усіх», — сказаў Юнус у дзень выбараў.

Як перадаюць сусветныя агенцтвы, дзень галасавання ў цэлым прайшоў адносна спакойна: мясцовыя ўлады паведамлялі толькі пра некалькі інцыдэнтаў. Прэса публікавала фота і відэа доўгіх чэргаў да выбарчых участкаў.

Як перадае Reuters, ручны падлік папяровых бюлетэняў будзе працягвацца як мінімум да 12:00 пятніцы.

НПБ ужо падзякавала выбаршчыкам за іх галасаванне і заклікала да спецыяльных малітваў у пятніцу за краіну і яе жыхароў. Чакаецца, што лідар НПБ Тарык Рахман будзе прыведзены да прысягі ў якасці прэм'ер-міністра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула