БЕЛ Ł РУС

У Эстоніі адкрылі дарогу, на якой забараняецца прышпільвацца рамянямі бяспекі

12.02.2026 / 18:32

Nashaniva.com

У Эстоніі адкрылася незвычайная аўтадарога, на якой кіроўцам і пасажырам забаронена прышпільвацца рамянямі бяспекі. Гаворка ідзе пра лядовую пераправу паміж астравамі Хіюмаа і Саарэмаа. Маршрут працягласцю каля 17 кіламетраў пракладзены проста па замерзлай паверхні Балтыйскага мора, піша Telegraf.news.

Звычайна злучэнне паміж гэтымі астравамі забяспечвае паром, але гэтай зімой спачатку ўзровень вады моцна панізіўся, а пасля мора ўвогуле замерзла, таму суднаходства спынілася. Калі таўшчыня лёду дасягнула неабходных 20—25 сантыметраў, улады дазволілі адкрыць часовую дарогу па лёдзе.

Для Эстоніі такія пераправы не з’яўляюцца рэдкасцю, хаця з-за пацяплення клімату апошнія гады яны адкрываюцца значна радзей. Стан лёду пастаянна кантралюецца, аднак кіроўцы павінны строга выконваць спецыяльныя правілы. Рухацца можна толькі ўдзень, а рамяні бяспекі выкарыстоўваць забаронена — у выпадку, калі лёд трэсне і аўтамабіль пачне тануць, непрышпілены чалавек зможа хутчэй выбрацца з машыны.

Таксама важная хуткасць руху. Ехаць занадта павольна нельга, бо гэта можа выклікаць небяспечны рэзананс лёду. Рэкамендуецца падтрымліваць хуткасць не менш за 25 км/г, аптымальна — ад 40 да 70 км/г.

З першага дня пераправа выклікала вялікую цікавасць: на абодвух берагах утварыліся чэргі з дзясяткаў аўтамабіляў. Для многіх жыхароў гэты маршрут дазваляе ашчадзіць час у параўнанні з паромам, які зімой працуе нестабільна.

Хоць у рэгіёне ёсць і іншыя лядовыя дарогі, не ўсе яны маюць афіцыйны статус. Дзяржаўнае транспартнае агенцтва вырашыла не адкрываць новыя пераправы ў гэтым сезоне з-за фінансавых абмежаванняў. Таму жыхары некаторых астравоў пракладаюць уласныя маршруты, але карыстанне імі адбываецца на ўласную рызыку.

Чытайце таксама:

Аршанскі ябацька не дайшоў праз снег да сцяга на плошчы і цяпер скардзіцца на камунальнікаў

Ценявы флот Пуціна пад пагрозай — 14 краін Еўропы хочуць заблакаваць яго ў Балтыйскім моры

У Фінскім заліве зноў пашкодзілі кабель, які звязвае Фінляндыю і Эстонію

У Латвіі задумалі разабраць чыгунку, што вядзе у Расію

Каментары да артыкула