БЕЛ Ł РУС

У МЗС расказалі пра візіт у Мінск афіцыйнага прадстаўніка Францыі

12.02.2026 / 17:30

Nashaniva.com

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў пракаментаваў інфармацыю, якая раней з’явілася ў французскім выданні Le Monde, пра візіт у Мінск высокапастаўленага прадстаўніка МЗС Францыі. Варанкоў адказаў на запыт расійскага інфармацыйнага агенцтва «РИА-Новости».

Будынак, у якім месціцца пасольства Францыі ў Мінску. Фота: Wikimedia Commons

Варанкоў адзначыў, што такія паездкі не з’яўляюцца нечым незвычайным. Беларусь, маўляў, падтрымлівае рэгулярныя працоўныя кантакты не толькі з Францыяй, але і з іншымі заходнімі краінамі. Пры гэтым перамовы як у двухбаковым фармаце, так і ў межах міжнародных мерапрыемстваў часта носяць канфідэнцыйны характар.

Пасля таго як інфармацыя пра гэты візіт стала публічнай, у МЗС пацвердзілі, што 5—6 лютага Мінск наведаў дырэктар дэпартамента кантынентальнай Еўропы галоўнага дэпартамента па палітычных пытаннях і бяспецы МЗС Францыі Брыс Ракфёй. Візіт адбыўся па запрашэнні беларускага боку.

Французскі прадстаўнік сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сакрэтам, а таксама правёў «кансультацыі з прадстаўнікамі беларускага экспертна-аналітычнага асяроддзя».

Раней таксама паведамлялася, што дыпламатычны дарадца прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона Эмануэль Бон 3 лютага прыязджаў у Маскву для правядзення перамоў з расійскімі афіцыйнымі асобамі, у прыватнасці з памочнікам прэзідэнта Юрыем Ушаковым. Гэты візіт таксама не афішаваўся.

Чытайце таксама:

На французскі «шэнген» цяпер можна запісацца самастойна — некаторыя ўжо атрымалі слоты

Францыя памяняла правілы выдачы шэнгенскіх віз для беларусаў

Дыпламатычны дарадца Макрона непрыкметна прыязджаў у Маскву

Каментары да артыкула