У гомельскай карціннай галерэі разрэкламавалі мерапрыемства з нагоды Дня святога Валянціна. А пасля спалохаліся і адмянілі
Пасля таго як у публічнай сферы з'явілася інфармацыя, што ў Гомелі, нягледзячы на негалосную забарону, працягваюць адзначаць «заходні» Дзень святога Валянціна, у адной з дзяржаўных устаноў — карціннай галерэі імя Вашчанкі — мерапрыемства з гэтай нагоды адразу адмянілі, заўважыў «Флагшток».
У 2021 годзе Дзень святога Валянціна святкавала нават гомельская міліцыя
Пры гэтым галерэя ніяк не паведаміла пра адмену жыхарам горада. Як заўважыў «Флагшток», арганізатары проста выдалілі раней размешчаныя анонсы з афіцыйнага сайта і са старонак у сацыяльных сетках.
Цяпер сайт установы цалкам адпавядае ідэалагічным патрабаванням: там размешчаныя рубрыка «Генацыд», банеры «Супрацьдзеянне экстрэмізму» і «Год беларускай жанчыны», відэа пра дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, а таксама анонс «патрыятычнага праекта» «Люблю сваю Айчыну», падрыхтаванага разам з гістарычным клубам пры Рускім доме.
Разам з тым афіша адмененага мерапрыемства захавалася на іншых інтэрнэт-рэсурсах. У межах вечарыны «Дзень закаханых з Вудзі Аленам» планавалася прагляд і абмеркаванне яго фільма «Эні Хол» — камедыйнай меладрамы, а таксама гульні і наведванне выстаў.
Дырэктаркай галерэі імя Вашчанкі з’яўляецца Людміла Шымбалёва — давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, кіраўніца раённай арганізацыі праўладнага Беларускага саюза жанчын і дэлегатка Усебеларускага народнага сходу. У 2020 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў яе медалём. Яна таксама была адной з публічных фігур праўладных масавых мерапрыемстваў у Гомелі.
Людміла Шымбалёва на Усебеларускім народным сходзе
Чытайце таксама:
Дзермант, Пятроўскі і іншыя камуністы прывезлі кветкі Сталіну ФОТА
Ідэолагі расказваюць народу жахі пра інтэрнэт і перасцерагаюць ад выкарыстання ChatGPT