Ва Украіне 72‑гадовы мужчына сякерай і малатком забіў пяць чалавек — усе яны перасяленцы ад вайны
У Ровенскай вобласці Украіны здарылася жудаснае масавае забойства.
Каля чатырох гадзін раніцы 10 лютага ў паліцыю патэлефанавала сацыяльная работніца, якая паведаміла, што яе падапечныя — людзі, якія пакінулі свае дамы з-за вайны і жылі ў будынку былой школы, — чуюць жудасныя крыкі ў калідоры.
Паводле следства, вінаватым у трагедыі стаў 72‑гадовы ўраджэнец Данецкай вобласці. Паміж ім і іншымі жыхарамі цэнтра для перасяленцаў успыхнула звычайная бытавая сварка, якая хутка перарасла ў бойку.
Падчас канфлікту пенсіянер схапіў малаток і сякеру ды пачаў наносіць удары людзям, з якімі жыў пад адным дахам.
На месцы загінулі пяць чалавек. Сярод ахвяр — двое мужчын (60 і 68 гадоў) і тры жанчыны (56, 78 і 81 года). Усе яны — перасяленцы.