Лыжнік з Гаіці заняў на Алімпіядзе апошняе месца, але сарваў апладысменты
Лыжнік з Гаіці Стывенсан Савар заняў апошняе месца ў гонцы на Алімпійскіх гульнях, але здолеў заваяваць сімпатыі гледачоў. Спартсмену 25 гадоў, і на гэтай Алімпіядзе ён не толькі нёс сцяг сваёй краіны, зборная якой складаецца ўсяго з двух чалавек, але і стаў першым прадстаўніком Гаіці ў лыжных гонках.
Стывенсан Савар. Фота: AP Photo/Kirsty Wigglesworth
Стывенсан Савар фінішаваў 64-м, аднак на фінішы яго сустрэлі гучнымі апладысментамі. Перасякаючы фінішную рысу, ён у знак павагі пакланіўся публіцы. Дарэчы, зусім апошнім ён у выніковым пратаколе не быў, бо з дзясятак лыжнікаў па розных прычынах увогуле да канца дыстанцыі не дабеглі.
Спартсмен нарадзіўся ў Гаіці, але ва ўзросце трох гадоў яго ўсынавілі ў Францыі. З таго часу ён жыве і трэніруецца ў рэгіёне Вагезы, дзе і пачаў займацца лыжным спортам.
Сам Савар адзначае, што ўдзел у Алімпіядзе для яго — гэта магчымасць змагацца са стэрэатыпамі ў зімовых відах спорту. У дзяцінстве яму было цяжка быць адзіным цёмнаскурым лыжнікам, бо пастаянная ўвага да яго з боку старонніх людзей бянтэжыла. Але з гадамі, паводле яго слоў, гэта перастала мець значэнне, і цяпер ён проста займаецца тым, што любіць.
Увогуле ж першым зімовым алімпійцам Гаіці быў гарналыжнік Рычардсан Віяна. Ён дэбютаваў на мінулай Алімпіядзе ў Пекіне ў 2022 годзе, заняўшы 34‑е месца ў слаламе, і зноў выступае на цяперашніх гульнях. Як і Савар, ён нарадзіўся на Гаіці, а пасля быў усыноўлены.
«Мэта — паказаць лепшы вынік і пашырыць магчымасці, — гаворыць адносна гэтага Савар. — Насіць гэты касцюм — велізарны гонар. Мы стараемся быць сімваламі нашай маленькай краіны і ўсяляць у яе надзею, таму што цяпер там даволі змрочны перыяд».
Савар упершыню дэбютаваў на Кубку свету толькі ў студзені 2023-га, а затым выступаў на чэмпіянатах свету. Выступіць на Алімпіядзе яму дапамагла стыпендыя праграмы «Алімпійская салідарнасць», якая падтрымлівае спартсменаў з усіх куткоў планеты.
Чытайце таксама:
Ліндсі Вон знаходзіцца ў стабільным стане пасля падзення на Алімпіядзе-2026