БЕЛ Ł РУС

Жыхар Гомеля паабяцаў перадаць пасылку на 10 тысяч рублёў, але з’еў з яе ўсе прадукты

9.02.2026 / 15:00

Nashaniva.com

Масквічка сабрала дарагую пасылку сыну і яго сям’і ў Віцебск. Поштай адпраўляць не стала, вырашыла перадаць цягніком. Падрабязнасці выданню «Белка» распавялі ў пракуратуры Гомеля.

Уклаўшы ў пасылку гасцінцаў на 10 тысяч беларускіх рублёў, жанчына адправілася на Беларускі вакзал. На пероне яна стала шукаць, хто б перадаў пасылку блізкім. На просьбу аб дапамозе адгукнуўся судзімы 12 разоў за крадзяжы 39‑гадовы гамяльчук.

Жанчына аддала яму сумку са змесцівам, роўным яе двухмесячнаму даходу. Яшчэ і аддзячыла гарэлкай і грашыма.

Праўда, цягнік, на якім ехаў абвінавачаны, нават не заходзіў у Віцебск. Як толькі мужчына прыехаў у Гомель, ён адправіўся ў госці да знаёмай, дзе з чужой сумкі былі вынятыя і з’едзеныя пячонка траскі, чырвоная і чорная ікра, чырвоная рыба ды іншыя далікатэсы, якія бабуля купляла для ўнука.

Тым часам нявестка жанчыны, так і не дачакаўшыся перадачы ў Віцебску, звярнулася ў міліцыю. Злодзея знайшлі.

«Упрыгажэнні для нявесткі, кнігі і адзенне для ўсіх сямейнікаў удалося вярнуць. А вось прадукты на немалую суму страчаныя назаўжды. У чарговы, ужо 13‑ы раз, мужчыну будуць судзіць за крадзеж, учынены паўторна. У гэты момант праз злоўжыванне алкаголем ён знаходзіцца ў ЛПП», — распавялі ў пракуратуры Гомеля.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула