Дачка беларускі завяршыла выступ у MasterChef Italia
Ірэн Рашыфіна — дачка беларускай баскетбалісткі Ліліі Малой — закончыла свой шлях у 15‑м сезоне кулінарнага тэлешоў MasterChef Italia, якое транслюецца на канале Sky Uno, піша «Беларусь і свет».
Фота: masterchef.sky.it
Пасля паразы яе каманды на чарговым этапе дзяўчына трапіла ў «Выпрабаванне пад ціскам», дзе неабходна было прыгатаваць тэхнічна складаную страву — абсмажаны рыс з ныркамі.
На жаль, праз хваляванне Ірэн не змагла як след сканцэнтравацца: страва ў яе не атрымалася ўдалай, рыс не трымаў форму і не быў дастаткова хрумсткім.
Па рашэнні суддзяў Рашыфіна пакінула праект. Тым не менш яна дасягнула многага, бо ўвайшла ў дзясятку найлепшых удзельнікаў конкурсу. Акрамя таго, яна набыла вялікі досвед і знайшла новых сяброў.
У адным з інтэрв’ю пасля паказу апошняга эпізоду з яе ўдзелам 20‑гадовая дзяўчына, сярод іншага, распавяла пра сваю бабулю Ірыну, якая навучыла ўнучку гатаваць дранікі.