БЕЛ Ł РУС

Фядута расказаў пра агледзіны Някляева ў 2010 годзе

8.02.2026 / 20:59

Nashaniva.com

І згадаў, які наказ наконт Някляева яму даў Генадзь Бураўкін. 

Скрышот відэа ТОКу

Палітолаг і літаратуразнаўца, былы палітвязень Аляксандр Фядута згадаў у ТОКу, як у 2010 годзе паклікаў у палітыку паэта Уладзіміра Някляева. Падчас тых выбараў Някляеў быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты. На Плошчы падчас пратэстаў паэта збілі, а пасля кінулі ў СІЗА КДБ.

Патэнцыял лідара ён пабачыў у ім, калі пачуў, як Някляеў чытае свае вершы.

«Калі ў чалавека будзе каманда, будзе той аўтамабіль, на які можна паставіць сцяжок, — ён паедзе. Спачатку стварылі той аўтамабіль (гаворка пра кампанію «Гавары праўду», лідарам якой у 2010 годзе стаў Някляеў. — НН). І невядома было, хто будзе —сярод апазіцыйных палітыкаў ну нікога няма.

Мы сядзелі тагачаснай камандай абмяркоўвалі. Я назваў Някляева. На мяне паглядзелі як на вар’ята. І сказалі: «Дык ён жа п’е». А я ўжо ведаў, што Някляеў шмат гадоў не п’е. Гэта дзякуй ягонай жонцы Вользе. І ўрэшце рэшт ён чалавек валявы, сам за сябе ўзяўся. (…) Два дні сядзелі гадалі, пасля ўсе сказалі «так».

Пасля сам Някляеў вырашыў праверыць Фядуту. Ён прывёў яго да сваёй першай жонкі.

«Ён прывёў мяне да яе папіць гарбаты. Мы сядзелі размаўлялі. Пасля я сяджу, ён выйшаў кудысьці, яна са мной паразмаўляла-паразмаўляла, ён вярнуўся, і яна кажа яму: «Валодзя, ты яму вер, ён табе не здрадзіць». (…) Ён прывёў мяне да чалавека, які кахаў яго яшчэ тады, калі ён быў нікім, да чалавека, які быў старэйшым за мяне і, як усялякая жанчына, яна адчувала б небяспеку».

Наказ наконт Някляева Фядуце таксама даў паэт Генадзь Бураўкін.

«Ён сказаў: «У мяне гадзіну таму быў Валодзя. Ты разумееш, куды ты яго ўцягваеш?» — «Так». — «Ты мне павінен пааабяцаць, — сказаў Бураўкін, — што з ім нічога не здарыцца. Ты за яго адказваеш. Ты разумееш, хто гэта?». Я кажу: так.

А вы ведаеце, ніводны паэт не здолее вызнаць, што ён нумар два, бо кожны паэт нумар адзін. Бураўкін мне сказаў: «Ён апошні геній беларускай паэзіі. Ты за яго адказваеш перад народам. Ты гэта разумееш?» Я кажу: так. «Ідзі, я буду Валодзю тэлефанаваць». Пракопавіч [Някляеў] ведае, што я слова стрымаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула