У Беларусі зробяць тысячы штучных гнёздаў для дзікіх жывёл
На працягу пяці гадоў — з 2026‑га па 2030‑ты — плануецца ўсталяваць не менш за 5 тысяч штучных гнёздаў для птушак і сысуноў, якія адносяцца да рэдкіх відаў, уключаных у Чырвоную кнігу краіны. Гэта прадугледжана Нацыянальным планам дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Адпаведны дакумент зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 4 лютага 2026 года № 60 і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. План накіраваны на ахову прыроды і аднаўленне экалагічных сістэм.
Акрамя ўсталявання штучных гнёздаў, у 2026—2030 гадах плануецца стварыць спецыяльны інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны прыродным тэрыторыям пад асаблівай аховай, месцам пражывання рэдкіх жывёл і росту рэдкіх раслін, а таксама тыповым і ўнікальным прыродным ландшафтам.
Таксама прадугледжаная распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі па барацьбе з інвазіўнымі відамі жывёл і раслін, якія пагражаюць біяразнастайнасці і натуральным экасістэмам, а таксама планаў яе рэалізацыі.
У межах плана запланаваная экалагічная рэабілітацыя парушаных тарфянікаў на плошчы не менш за 12 тысяч гектараў. Асобная ўвага будзе нададзена аднаўленню і захаванню лугоў і балот — найбольш важных асяроддзяў для рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін. Агульная плошча такіх тэрыторый павінна скласці не менш за 3 тысячы гектараў.
Чытайце таксама:
Рыбакі выратавалі ў Пастаўскім раёне рэдкую птушку
У мінулым годзе ў Беларусі паляўнічыя застрэлілі 39 мядзведзяў
Шуневіч: Першы сезон палявання на рысяў скончыўся поўным правалам