БЕЛ Ł РУС

Пад Мінскам ёсць таямнічае месцейка, дзе можна паўнавартасна паабедаць за 5—10 рублёў

6.02.2026 / 15:44

Nashaniva.com

Пры жаданні тут цалкам рэальна сабраць сытны абед і за 5 рублёў, але каб быў выбар, мясцовыя раяць прыходзіць раней: папулярныя пазіцыі хутка разбіраюць.

Гэтая ўстанова знаходзіцца ў Мачулішчах. Яна працуе толькі з 11:00 да 15:00, і ўсё круціцца вакол комплексных абедаў, піша «Прысталічча».

Журналісты завіталі ў «Лотас» бліжэй да сярэдзіны дня, і частка страў ужо разышлася: салатаў не засталося зусім, боршч, рыс і большасць мясных гарачых страў былі выкраслены з меню.

Комплексны абед у выніку выглядаў так: густы, наварысты гарохавы суп з вэнджанінай, хатняя катлета з ялавічыны і свініны, бульба фры і ягадны морс.

Суп падалі ў вялікім кубку, які было зручна трымаць за ручку, да яго прынеслі кошык з чорным хлебам. Бульбы фры аказалася вельмі шмат, катлета была прыгатаваная «па-хатняму», простая і сакавітая, а морс — не занадта салодкі. За ўсё аддалі 9,90 рубля.

У памяшканні чыста і акуратна: мэбля без відавочных дэфектаў, на сталах ёсць сурвэткі, соль і перац, у прыбіральні прыбрана.

Але інтэр’ер і сам санвузел ужо выглядаюць маральна састарэлымі: гэта не модная кавярня і не стыльны гастрабар.

Тых, хто заскоквае на абед паміж справамі, тут чакаюць гарачая ежа, вялікія порцыі, хуткая падача страў (чакаць давялося літаральна пару хвілін) і зразумелае меню, у якім пазначаны склад кожнай стравы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула