У Германіі 14‑гадовага падлетка з Эрытрэі мог забіць 12‑гадовы хлопчык
Падазраваны, меркавана, дзейнічаў у адзіночку.
Bild
У горадзе Дормаген (Паўночны Рэйн — Вестфалія) паліцыя затрымала падазраванага па справе аб забойстве 14‑гадовага эрытрэйца Ёсефа. Ім аказаўся 12‑гадовы грамадзянін Германіі, піша Bild.
Паводле даных следства, злачынства магло быць загадзя спланаванае, а падазраваны, меркавана, дзейнічаў у адзіночку.
Цела Ёсефа знайшлі 28 студзеня каля ляснога возера недалёка ад Дормагена. Судова-медыцынская экспертыза паказала, што падлетак быў забіты нажом. Доўгі час у следства не было ніякіх зачэпак, паліцыя і ўлады горада нават абвяшчалі ўзнагароду 10 тысяч еўра за інфармацыю пра злачынцу. Прасунуцца ў расследаванні ўдалося пасля аналізу звестак з мабільнага тэлефона загінулага.
З-за ўзросту падазраванага паліцыя і пракуратура адмаўляюцца раскрываць падрабязнасці, спасылаючыся на абарону асобы і нормы ювенальнай юстыцыі.
Сёння ў Дормагене адбудзецца развітанне з Ёсефам: жалобная цырымонія пройдзе на футбольным полі і, як чакаецца, збярэ каля 3000 чалавек.